Радыё «Свабода» выдала мультымэдыйны дыск «Начная чытанка». На ім — запісаныя ў рамках праграмы «Начная Свабода» творы паўсотні аўтараў разам зь іх біяграфіямі і фатаздымкамі.

У зборніку — рэчы на любы густ і розных жанраў. Да прыкладу, Лявон Вольскі і Адам Глёбус чыталі свае казкі, Віктар Шалкевіч — міні‑п’есы, Альгерд Бахарэвіч, Ева Вежнавец і Югася Каляда — апавяданьні. Ёсьць таксама і пераклады — Сяржук Мядзьведзеў чытаў урыўкі з пакуль ненадрукаванай па‑беларуску кнігі амэрыканца Чака Паланюка «Байцоўскі клюб», Вэраніка Бяльковіч — зь першай кнігі сэрыі сучаснай чэскай літаратуры, раману Ганы Андранікавай «Гук сонечнага гадзіньніка».

А найбольш у «Начной чытанцы» паэзіі — свае вершы чыталі паэты розных пакаленьняў — сярод іх Рыгор Барадулін, Уладзімер Някляеў, Алесь Разанаў, Міхал Анемпадыстаў, Джэці, Віктар Жыбуль, Вальжына Морт, Сяргей Прылуцкі, Андрэй Хадановіч.

Плянуюцца тры прэзэнтацыі дыску — 27, 28 і 29 чэрвеня ў фальварку «Добрыя мысьлі» (вул. Магілёўская, 12). Пачатак а 19‑й. Колькасьць месцаў абмежаваная, таму на прэзэнтацыю патрапяць тыя, хто прыйдзе першым. Дыскі змогуць атрымаць таксама і тыя, каму месца ня хопіць. Пазьней яго можна будзе замовіць праз электронны адрас [email protected].

Паводле Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0