У Беларускім ліцэі разгром, пакінула FM-дыяпазон беларускамоўнае радыё «Сталіца», у адзінай беларускамоўнай школе Глыбокага ўвялі расейскую клясу, доля беларускамоўнага вяшчаньня на БТ зьнізілася з 10% у 2000 г. да 8% сёлета...

Але гэтыя ганебныя для ўладаў факты толькі ўмацоўваюць простых людзей-беларусаў у любові да сваёй культуры, мовы, памятак — таго, што ніхто ў сьвеце не зьберажэ бяз нас. Каб зьберагчы памяць, людзі ставяць помнікі.

Так паўсталі сотні крыжоў у Курапатах. Так цяпер зьявіўся помнік Купалу ў Глыбокім, у Менску адкрытыя мэмарыяльная шыльда Вячаслава Адамчыка, на Ўсходніх могілах Менску зьявілася памятка па Ўладзімеру Кармілкіну.

Апошнюю стварыў скульптар Алесь Шатэрнік. Ужо год мінуў з дня сьмерці фатографа, а яго вялізны архіў усё яшчэ сыстэматызуецца. Там хопіць матэрыялу на цэлы летапіс беларускага дэмакратычнага руху. Мяркуецца таксама ўкласьці альбом, прысьвечаны журналісту, — гэта будзе яшчэ адзін помнік яму.

Адзін з найстарэйшых беларусаў Масквы Антон Сабалеўскі падараваў свайму роднаму Глыбокаму 80-сантымэтровы помнік Купалу. З гэтым эскізам скульптар Валяр’ян Янушкевіч браў удзел у конкурсе, пераможца якога атрымаў замову на помнік Купалу ў Маскве і фінансаваньне свайго праекту з «саюзнага» бюджэту. Перамог скульптар Гумілеўскі. Працу ж Янушкевіча выкупілі маскоўскія беларусы. Спачатку Купалу меркавалі пакінуць у тамтэйшым цэнтры беларускай культуры на Арбаце, але пасьля вырашылі завезьці ў Глыбокае, у гісторыка-этнаграфічны музэй. «Тут наша, беларуская зямля. Купалу тут будзе ўтульней, а нам, хто задумаў і ствараў гэты твор, — весялей на душы», — казаў А.Сабалеўскі.

Працу скульптара Паўла Вайніцкага, аўтара шыльды памяці Адамчыка, уфундавалі сыны пісьменьніка. А Міністэрства культуры? Абяцае кампэнсаваць выдаткі, «калі будуць грошы».

ЮК, МБ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0