За часы знаходжаньня ля ўлады Аляксандра Лукашэнкі апазыцыйныя сілы неаднаразова намагаліся аб'яднаць свае высілкі ў барацьбе за ўладу. Летам 1996 г. сем апазыцыйных партый зьбіраюцца на "круглы стол" для каардынацыі дзейнасьці.

У кастрычніку 1996-га быў праведзены нацыянальны кангрэс "У абарону дэмакратыі, супраць дыктатуры". Аднак поўнага адзінства дзеяньняў не было з прычыны адсутнасьці адзінага цэнтру кіраваньня. На такую ролю прэтэндаваў Вярхоўны Савет, тады як найбольшую папулярнасьць сярод палітычна актыўных выбарцаў меў БНФ, у ВС не прадстаўлены. У выніку ўнутрыкааліцыйная дысцыпліна так і не ўсталявалася.

У 1999 г. паўстае Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў (АГП, БНФ, БСДП(НГ), БСДГ, БПП, Партыя жанчын "Надзея", ПКБ). Кароткі час у склад Рады ўваходзілі ЛДП і "беларускі" "Яблык" Абрамавай. Структура паўстала з ініцыятывы АБСЭ і аб'яднала і жука і жабу і рака з кляшнёю. Будучыні ня мела.

31 жніўня было абвешчана пра аб'яднаньне маладых палітыкаў "новай хвалі" "для правядзеньня восеньскага наступу на дыктатуру". У групу ўвайшлі Зьміцер Бандарэнка, Алесь Бяляцкі, Вінцук Вячорка, Аляксандар Дабравольскі, Павал Данэйка, Віктар Івашкевіч, Анатоль Лябедзька, Мікола Статкевіч. Іх намаганьнямі 17 кастрычніка быў праведзены першы "Марш Свабоды", а ў сакавіку 2000-га - другі. Ініцыятыва не прадугледжвала фармальнага аб'яднаньня і ўнутрыкааліцыйнага цэнтралізму. У студзені стварылася Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў (КРДС), у якую ўвайшлі АГП, БНФ, БСДП (НГ), БСДГ, БПП, Партыя жанчын "Надзея", экалягічная партыя "БЭЗ", Асамблея няўрадавых арганізацыяў, "Хартыя'97" і Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. Задачай КРДС было аб'яднаньне апазыцыі для ўдзелу ў будучых парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах. Аднак, кааліцыя ня мела прывабнае назвы і ўнутранае дысцыпліны. Таму ў 2001 г.

КРДС нават не ўдалося вылучыць свайго кандыдата ў прэзыдэнты. А БСДП (НГ), ПКБ і БПП у ліпені 2001-га ўтварылі левацэнтрысцкую канфэдэрацыю "За сацыяльныя перамены" як процівагу КРДС, якую яны лічылі "правацэнтрысцкай".

Кандыдата ж вылучыла г.зв. "пяцёрка" кандыдатаў у прэзыдэнты, утвораная ў траўні 2001-га. Яна яднала пераважна "адзінокіх палітыкаў" і была моцна залежная ад парадаў сваіх замежных спонсараў. Параза на выбарах вырашыла яе лёс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0