Абаронцы ліцэю зноў вярнуліся да вулічных акцыяў. 29 ліпеня навучэнцы з бацькамі прыйшлі да будынку гарадзкога камітэту адукацыі, куды чыноўнікі выклікалі бацькоў па адным. Да зьяўленьня цэлай дэлегацыі супрацоўнікі ГарКА не былі падрыхтаваныя.
Кіраўнік камітэту Міхаіл Ціцянкоў адмовіўся зь ёю сустрэцца. У прыёмнай чыноўніка бацькі спаткалі вядомую спн.Шчарбачэвіч - на сустрэчу зь ёй Ціцянкоў час знайшоў.
Тым часам настаўнікі Гуманітарнага ліцэю пачалі атрымліваць поштаю запрашэньні ў гарадзкі камітэт адукацыі, дзе ім меліся б прапанаваць працу. Не даслалі запрашэньняў, як кажа Лявон Баршчэўскі, выкладчыкам, што дасягнулі пэнсійнага веку (іх у штаце НДГЛ было блізу паловы), і адміністрацыі навучальнай установы. На сходзе калектыву 28 ліпеня настаўнікі даручылі выступаць ад іх імя перад чыноўнікамі Ўладзімеру Коласу.
Настаўнікі, ліцэісты й бацькі не пачуваюцца самотнымі ў сваім змаганьні. На арганізацыйны сход грамадзкага камітэту ў абарону ліцэю, што адбыўся 28 ліпеня, прыйшлі іх падтрымаць Уладзімер Арлоў, Валеры Мазынскі, Мікола Купава, Уладзімер Парфяновіч і інш. Грамадзкі камітэт мае каардынаваць дзейнасьць усіх зацікаўленых у дзейнасьці ліцэю - як у Беларусі, так і па-за ёй.
Асноўная задача, якая сёньня стаіць перад абаронцамі, - захаваць будынак па вул.Кірава, 21. Цягам бліжэйшага тыдня яго мусяць перавесьці на балянс гораду, пасьля чаго ў кожны момант можна чакаць пачатку даўно абяцанага рамонту. Ні настаўнікі, ні бацькі ў яго праўдзівасьць ня вераць. "Прыедуць будаўнікі, насыплюць кучу пяску перад уваходам, выб'юць шыбы ды сьцены павымазваюць. А потым скажуць, што грошай няма. Так мы застанемся і без настаўнікаў, і без будынку", - казалі бацькі на сходзе. Каб не застацца на пачатку навучальнага году на вуліцы, было вырашана дзяжурыць у ліцэі дзень і ноч. Калі пачнецца вахта, пакуль няясна. Л.Баршчэўскі лічыць, што варта пачакаць першага наведаньня будаўнікоў, а Вінцук Вячорка настойвае, што трэба пачынаць ужо цяпер.
Бацькі ж тых ліцэістаў-першакурсьнікаў, што вучыліся на падрыхтоўчых курсах, маюць падаваць у суд на Міністэрства адукацыі: "Мы плацілі грошы, каб нашых дзяцей падрыхтавалі для паступленьня ў НДГЛ. Праз загад Мінадукцыі гэтая ўстанова ліквідаваная, а нашыя грошы ляснулі".
Змаганьне трывае.
Аркадзь Шанскі