Праляскоўскі: так і трэба! Ліцэісты: будзем стаяць бясконца!

Улады кінулі амонаўцаў на школьнікаў, якія адстойваюць сваё права вучыцца па-беларуску. «Гэтыя навучэнцы ў гэтым будынку ў гэтых настаўнікаў» — пад такім дэвізам бацькі ліцэістаў з цалкам беларускамоўнае сярэдняе навучальнае ўстановы сталіцы абараняюць права сваіх дзяцей давучыцца ў Ліцэі. Тым самым яны бароняць права ўсіх дзяцей Беларусі вучыцца на роднай мове ў роднай школе па людзкіх падручніках. Ад часоў панскае Польшчы беларускай мовы не вычышчалі з школаў з такой апантанасьцю. Лукашэнка аказаўся добрым вучнем Пілсудзкага.

Новы лукашэнкаўскі ідэоляг Алег Праляскоўскі думаў, што справа зь Ліцэем пройдзе гэтаксама гладка, як закрыцьцё сотняў беларускіх школаў у правінцыі. Пастаўлены ўвесну, ён хутка разабраўся з чарговай порцыяй незалежных газэтаў, што занадта сьмела пісалі аб прэзыдэнцкім бізнэсе, стварыў ідэалягічную вэртыкаль. На чарзе былі свабодныя навучальныя ўстановы. У Беларускі ліцэй, што месьціцца насупраць стадыёну «Дынама», прызначылі дырэктарку, якая не размаўляла па-беларуску. Такі цынізм увогуле характэрны для дзеяньняў Праляскоўскага. Аднак ліцэісты, замест таго каб абурана сысьці, згуртаваліся для абароны сваёй альма матэр. Гэтым мужным падлеткам і іх сумленным бацькам патрэбная дапамога грамадзтва.

Змаганьне за ліцэй доўжыцца трэці месяц. Жнівень абяцае быць гарачым — мусіць вырашыцца, куды прыйдуць ліцэісты 1 верасьня. Бакі пераходзяць да актыўных дзеяньняў.

Чыноўнікі з гарадзкога камітэту адукацыі 29 і 30 ліпеня запрасілі бацькоў ліцэістаў на перамовы. Зьявіліся толькі дзьве сям’і. Астатнія засталіся вернымі прынцыпу: «Гэтыя навучэнцы ў гэтым будынку ў гэтых настаўнікаў».

Уладзімер Колас, якому выкладчыкі даверылі прадстаўляць іх на перамовах, 30 ліпеня сустрэўся з намесьнікам міністра Казімерам Фарынам. Вынікам стаўся «воўчы білет» для настаўнікаў: абураны чыноўнік адмовіўся ўладкоўваць іх на працу, насуперак ранейшым заявам. У той самы дзень прайшло першае паседжаньне Камітэту абароны ліцэю з удзелам выдатных прадстаўнікоў навукі і інтэлігенцыі.

31 ліпеня ліцэісты арганізавалі «жывы калідор» каля камітэту адукацыі. Бацькі й дзеці прыйшлі туды ў 8.30, калі чыноўнікі ідуць на працу — іншыя спробы сустрэцца зь імі скончыліся нічым. Падчас «жывога калідору» быў пачаты збор подпісаў у абарону ліцэю. Цяпер іх ужо больш за чатыры сотні.

1 жніўня, перад пачаткам прэс-канфэрэнцыі А.Лукашэнкі, ліцэісты раздавалі расейскім журналістам улёткі з інфармацыяй. Супрацоўнікі прэзыдэнцкай аховы затрымалі дзьвюх ліцэістак, аднак не рызыкнулі дзейнічаць жорстка на вачах у расейскіх журналістаў. Ліцэісты Павал М. і Паўліна П. былі затрыманыя 2 жніўня ў Цэнтральным дзіцячым парку. Там ладзіўся пэрформанс — навучэнцы пісалі крэйдай на дарожках парку: «Ліцэй Коласа — Коласу», «Я люблю ліцэй» і г.д. Міліцыю выклікала адміністрацыя. Праваахоўнікі паставіліся да затрыманых паблажліва.

Панядзелак 4 жніўня быў адзначаны кароткай акцыяй каля Мінадукацыі ды прэс-канфэрэнцыяй з нагоды ўтварэньня камітэту абароны ліцэю. Ліцэісты вывесілі на фасад будынку вялізную расьцяжку: «Адзіны беларускамоўны ліцэй ліквідуецца. Ратуйце!» Яна правісела некалькі гадзінаў і была зьнятая перад прыездам міліцыянтаў.

Гэтым скончылася марудная фаза змаганьня, калі бакі акцэнтавалі ўвагу на юрыдычных акалічнасьцях. 5 жніўня прадстаўнікі бацькоўскага камітэту сустрэліся з намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Алегам Праляскоўскім. Той заявіў, што рашэньне Саўміну пра ліквідацыю ліцэю абсалютна слушнае, бо ў ліцэі займаліся палітыкай. «А потым пачаў казаць, што пахаваньне Быкава ператварылі ў палітычную акцыю. Але пры чым тут ліцэй?! Улады самі ператвараюць сытуацыю зь ліцэем у палітычную», — кажа адзін з бацькоў.

У гэты ж дзень ліцэй наведалі прадстаўнікі прыватнае будаўнічае фірмы «Мэдыябуд». Аднак ані паказаць адпаведныя паперы, ані распа весьці пра аб’ём рамонтных работ яны ня здолелі. Нават выкліканыя міліцыянты прынялі бок абаронцаў ліцэю ды запатрабавалі ў будаўнікоў дакумэнты. Бацькі ліцэістаў пэўныя, што псэўдарамонт заплянаваны, каб перашкодзіць дзецям пачаць навучальны год. Пагатоў стала вядома, што рамонт будзе касмэтычным (а не капітальным, як заяўлялі раней чыноўнікі). Дый на яго ў менскіх уладаў знайшлося толькі 10 млн рублёў, якія яшчэ 5 жніўня не былі пераведзеныя на рахунак «Мэдыябуду». А на абнаўленьне аднаго фасаду трэба ў чатыры разы большая сума! 6 жніўня ліцэй зноў наведалі будаўнікі. Гэтым разам зь фірмы «Гора-Трэйдынг» і зноў без дакумэнтаў. Яны патлумачылі бацькам, што яны маюць фарбаваць звонку трысьцен-уваход у будынак. І працу разьлічваюць скончыць… да 1 лістапада. «Ды мы з бацькам зрабілі б гэта за пару дзён!» — сьмяецца адзін зь ліцэістаў.

Каб перашкодзіць будаўнікам, бацькі атачылі будынак. Тады да ліцэю прыбылі міліцыя і АМОН. Былыя абаронцы Курапатаў пазналі некаторых: сутыкаліся ва ўрочышчы два гады таму. Ліцэісты і бацькі паселі на асфальт, міліцыянты ж пачалі адціскаць іх. Тых, хто не адыходзіў сам, адцягвалі. Падпалкоўнік міліцыі Пятро Вераб’ёў, які кіраваў апэрацыяй, казаў, што бацькі займаюцца дробным хуліганствам і перашкаджаюць будаўнікам.

Апошнія ж паставілі рыштаваньні ля аднаго акна і сышлі. Затое зьявіўся начальнік упраўленьня сярэдняй адукацыі гарадзкога камітэту адукацыі Аляксей Воранаў. У выніку перамоваў была дасягнутая дамоўленасьць: да 14 жніўня камітэт знаходзіць навастворанаму гарадзкому гуманітарнаму ліцэю дырэктара, а бацькі будуць вырашаць, ці давяраць яму сваіх дзяцей. Паўстала пытаньне і пра юрыдычную неправамоцнасьць рамонту ліцэйскага будынку. Дом на вул.Кірава, 21 — гісторыка-архітэктурны помнік, які мусяць рамантаваць толькі архітэктурныя фірмы з адмысловай ліцэнзіяй пасьля экспэртызы і дазволу Дэпартамэнту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Чыноўнікі ад адукацыі гэтага нават ня ведалі.

Пасьля перамоваў з А.Воранавым абаронцы ліцэю даведаліся, што ўваход у памяшканьне перакрыла міліцыя: усярэдзіну пускалі толькі выкладчыкаў. На знак пратэсту У.Колас прыпыніў перадачу справаў і маёмасьці зь ліквідаванага Гуманітарнага ліцэю.

Тым часам ліцэісты падрыхтавалі ліст да культавай пісьменьніцы Джаан Роўлінг. Падзеі ў яе рамане «Гары Потэр і Ордэн Фэнікса» адзін у адзін нагадваюць ліцэйскія калізіі: у школу чараўнікоў прызначаная злая дырэктарка, якая не разьбіраецца ў магіі, а ў выніку сама ўстанова была расфармаваная «дзеля аптымізацыі навучаньня». Ліцэісты запрашаюць Дж.Роўлінг наведаць Беларусь, каб пабачыць, як яе казка сталася явай, ды напісаць працяг гісторыі пра Гары Потэра паводле беларускіх рэаліяў.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0