Ірына Красоўская больш не спадзяецца знайсьці мужа, але верыць, што вінаватыя будуць пакараныя.

«НН»: Адноўленае сьледзтва. Ці будзе ад гэтага рэальная карысьць?

Ірына Красоўская: Калі стала вядома пра аднаўленьне сьледзтва, я захацела сустрэцца зь сьледчым і перадаць яму частку хадайніцтваў. Але на наступны дзень сьледчы адмовіўся мяне прыняць, бо я была разам з адвакатам Гары Паганяйлам. Паганяйла для іх — як чырвоная хустка для быкоў... Так што аднаўленьне справы — гэта чарговая бачнасьць.

«НН»: Абвешчана пра намер стварыць Фонд для каардынацыі дзеяньняў па пошуку зьніклых. Якая будзе ягоная роля ў вышуку?

І.К.: Фонд — гэта не мая ініцыятыва. Я не разумею, навошта каардынаваць рухі і як. АГП робіць нейкую частку працы па пошуку, мы робім, дэпутаты нешта спрабуюць. Сытуацыя зразумелая, і каардынуй не каардынуй — гэта мала да чаго прывядзе. А адной структурай больш — гэта зноў бюракратычныя гульні, фонд трэба рэгістраваць, неяк называць, разьмяркоўваць абавязкі. Я і Сьвета Завадзкая ня будзем у ім удзельнічаць. Тут нашыя стратэгіі зь Зінаідай Ганчар моцна разыходзяцца. Яна якраз на тым паседжаньні фонду сказала, што жанчыны не павінны ўмешвацца ў палітыку, павінны гаварыць толькі пра сваіх мужоў, а пра палітыку гаворка ня йдзе.

«НН»: А якая Вашая пазыцыя?

І.К.: Алкаеў казаў, што каля трыццаці высокапастаўленых людзей ведаюць праўду пра зьнікненьні. Але ўсе маўчаць, баяцца за сябе, за сям’ю. Лішняе слова — і цябе няма. Таму адзінае выйсьце — памяняць гэтую ўладу. Пры наступнай уладзе ахвотныя сказаць у чаргу стануць. Я не разумею, як можна расьсьледаваць гэтыя справы, ня ўлазячы ў палітыку. Можна гадамі і стагодзьдзямі казаць: «Якая я бедная-няшчасная, дзе мой муж?» А вынікаў ня будзе ніякіх.

«НН»: Можа, Анатоль, Віктар Ганчар і іншыя зьніклыя яшчэ знойдуцца?

І.К.: Я надзею згубіла яшчэ пазалетась. Кожны раз я перачытвала тыя дакумэнты, я разумела, што ўсё напісанае — праўда. Што Анатоля няма. Трэба глядзець праўдзе ў вочы. Наколькі я ведаю, Зінаіда Ганчар яшчэ чакае. Калі мы езьдзілі ў Парыж, яна была ўпэўненая, што яны жывыя. Але я размаўляла з Алкаевым, ён пацьвердзіў тыя свае словы, і я зразумела, што, хутчэй за ўсё, яны забітыя.

Гутарыла Вераніка Дзядок

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0