МАЗ—МАН перайшоў да аўстрыйцаў

Сузаснавальніца СП «МАЗ—МАН» зь нямецкага боку, кампанія «MAN Nutzfahrzeuge AG», прадала 43% сваёй долі акцыяў аўстрыйскай кампаніі, назва якой, паводле дамоўленасьці, не паведамляецца. У фірмы MAN засталося 10% акцыяў, аднак з ліку сузаснавальнікаў яна ня выйдзе. МАЗ па-ранейшаму мае 41%. Адбыліся зьмены і ў кіраўніцтве «МАЗ—МАН». Ім цяпер кіруе беларус. У першым паўгодзьдзі прадпрыемства ўпершыню атрымала прыбытак. Пасьля «Прыёрбанку» і бровараў, гэта трэцяя сфэра, куды прыйшоў аўстрыйскі капітал.

«Белтрансгазам» не гандлююць

Ажно на 13,2% зьнізіўся ў ліпені аб’ём апэрацыяў з вэксалямі «Белтрансгазу» на Беларускай валютна-фондавай біржы. На гэта паўплывала няпэўнасьць вакол перамоваў з «Газпромам».

Эмісія 1:25

Беларусь ды Расея будуць мець «роўныя» правы на эмісію расейскіх рублёў — не 1:1, а прапарцыйна сваім ВУП, 1:25. Пра гэта дамовіліся банкіры 1 жніўня ў Пецярбурзе на паседжаньні Міжбанкаўскае валютнае рады. Праўда, прынцыповае згоды на валютны саюз пакуль няма.

Уборачнай камандуе прэм’ер

Перавозчыкаў зерня вызвалілі ад платы за карыстаньне шашою Берасьце—Масква на час жніва. Сяргей Сідорскі загадаў зьбіраць ураджай з 7-8% плошчаў штодзённа, а да 8 жніўня разьлічыцца з замежнымі пастаўшчыкамі энэргарэсурсаў.

Заводу пагражае банкруцтва

Віцебскаму алееэкстракцыйнаму заводу пагражае банкруцтва. У 2000 г. прадпрыемства аддало на захаваньне Гомельскаму тлушчаваму камбінату 600 тыс. тонаў алею на 3,4 млрд руб. І ні тавару назад, ні грошай за яго не дачакаліся. У выніку ня здолелі аддаць «Беларусбанку» крэдыт. Запазычанасьць прадпрыемства — пад 6 млрд руб. Няма срокаў на закуп сыравіны: лёну і рапсу.

Бэрлін перайшоў на лічбу

Бэрлінская аглямэрацыя першай у сьвеце цалкам пераходзіць на лічбавы тэлесыгнал. Гэта дазволіць пазбыцца вялікай антэны на даху, абмежаваўшыся пакаёвай. Aднак каб тэлевізар прымаў гэты сыгнал, трэба падключыць да яго дэкодэр для наземнай лічбавай тэлевізіі. Каштуе такая прылада 100—300 эўра, і на момант пераходу на «лічбу» каля 20 тыс. сем’яў, што маюць звычайныя тэлевізары, яшчэ не набылі дэкодэра. Але большасьць немцаў гэта мала турбуе — яны карыстаюцца кабэльнай ТВ (54%) і «талеркамі» (33%), якія прымаюць лічбавы тэлесыгнал і без дэкодэра. Лічбавы сыгнал перадаецца лягчэй, што дазволіць нашмат павялічыць колькасьць перадаваных каналаў.

Амэрыканцы шукаюць танных працаўнікоў

У найбліжэйшыя месяцы кожны дзясяты амэрыканскіі праграміст можа страціць працу на карысьць спэцыяліста з Азіі ці Ўсходняй Эўропы. Ужо пры канцы 2004 г. кампанія «ІТ» пераносіць 500 тыс. працоўных месцаў у краіны, дзе рабочая сіла каштуе меней. На ўсход паглядаюць і кампаніі, што працуюць у сфэрах сучасных тэхналёгіяў, фармацэўтыкі.

АК, БелаПАН, АФН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0