Выступленьне ў Менску 12 жніўня сапраўднай легенды сусьветнага року Робэрта Планта і ягонай каманды «Strange Sensation» мае ўсе шанцы зрабіцца галоўнай музычнай падзеяй году. І ня проста таму, што мае выступіць насамрэч знакаміты выканаўца, а таму, што Робэрт Плант з таго роду рокавых «дыназаўраў», якія й дагэтуль неаспрэчна ўплываюць на разьвіцьцё сусьветнай рок-музыкі.

У апошнія гады часта здаралася, калі да нас прыяжджалі групы з гучнымі назвамі, якія напавер выяўляліся бляклымі ценямі таго, што «раньш было». Дастаткова згадаць хоць бы канцэрты «The Animals» i «Slade». Першыя ні на што не прэтэндавалі, выконваючы тую музыку, якая прынесла ім вядомасьць. З гэтай прычыны выступ гэтых музыкаў выглядаў цалкам натуральна, што цяжка сказаць пра «Slade». Магутная вечназялёная блюзавая традыцыя «The Animals» чытаецца й цяпер як рокавая клясыка, у той час як больш «навамодная» музыка «Slade» на фоне амаль поўнай адсутнасьці выканаўцаў арыгінальнага складу ўспрымалася ўсяго толькі як гучаньне запіленага вінілу з калекцыі рокера перадпэнсійных гадоў. Выпрабаваньне часам, на жаль, вытрымліваюць ня ўсе.

Такога нельга сказаць пра Планта. Ужо хоць бы таму, што гэты музыкант пасьля сканчэньня залатога веку «Led Zeppelin» ніколі не спыняўся, працягваў выступаць, рыхтаваць новыя творы, запісваць чарговыя альбомы. Ён проста ня мог існаваць па-за межамі выбранага некалі бурлівага ладу жыцьця. Ён не эксплюатаваў бясконца створанага разам з «цэпэлінаўскімі» калегамі, не жыраваў на заслугах былога, а ўвесь час імкнуўся прыдумаць нешта новае, зводзячы тым самым у адно традыцыі яшчэ з канца 60-х і тое новае, што зьяўлялася ў папулярнай музыцы ў апошнія гады.

У 1980 г. ён выбраўся на ўласны шлях. І ўжо праз два гады першыя запісы ягонага гурту засьведчылі, што да «цэпэлінаўскай» традыцыі ён далучыў модныя ў той час электронныя тэхналёгіі, адначасова выказваючы вялікую зацікаўленасьць музычнай культурай краінаў Усходу. Ня рваў ён сувязі з былым сваім калегам Джымі Пэйджам, хоць гэтае супрацоўніцтва было эпізадычным. Таму што гледачы, калі бачылі на авансцэне гэтую пару, патрабавалі найперш «цэпэлінаўскі» рэпэртуар. Аднак Плант не дазваляе сабе паразытаваць на тым, што засталося ў далёкім мінулым і гучала ўжо сотні разоў. Вось чаму ў пары з Пэйджам ён заўсёды імкнуўся выконваць залатыя гіты мінулага хоць трошкі ды па-новаму. Тое, што было, як кажа сам Плант, нікуды ня дзенецца, а таму галоўная задача — рабіць новае. Вось чаму ён безь вялікага энтузіязму адгукаецца на вызначэньне «былы вакаліст «Led Zeppelin». Яму больш даспадобы, калі яго называюць Робэртам Плантам. Проста Плантам.

Ён на працягу некалькіх гадоў фармаваў новы склад свайго калектыву, якому даў назву «Strange Sensation». Зь ім і запісаў альбом «Dreamland». Магчыма, гэта быў галоўны праект, да якога Плант імкнуўся праз усе апошнія гады. Ён быццам бы вырашыў прывесьці слухачоў у чарадзейную краіну, у якой арганічна пачуваюцца як ён сам, так і тая музыка, на аснове якой ён склаўся як вялікі музыкант. Аўтарскіх твораў у альбоме менш, чым кавэраў, прычым з даволі салідным векам. Аднак увесь гэты матэрыял Плант прапусьціў праз уласную творчую «мясарэзку» і вырабіў такую смачную, ледзь ня пальцам пханую, кілбаску, у параўнаньні зь якой прадукт якіх-небудзь «Сьлівак» ды іншых вяршкоў нібыта музыкі выглядае ні на што ня здатным харчовым дадаткам, які складаецца выключна із штучных замяняльнікаў.

У «Краіне мары» ёсьць творы, якія стылёва належаць да досыць узаемаадлеглых стыляў: кантры, блюз, рок-н-рол. Але музыкі групы на чале з Плантам насыцілі гэтыя творы элемэнтамі электронікі, арыентальнымі матывамі і нават мадальным джазам. У выніку паўстаў арыгінальны прадукт, смачны і прыцягальны, якому наўрад ці пагражае абмежаванасьць тэрміну захоўваньня. Гэта не музычныя кансэрвы, здольныя пратрымацца, не пускаючы смуроду, сэзон-другі. І адначасова гэта — ня музыка для дыскатэкі. Таму для тых, хто чакае ад канцэрта ўсяго толькі пацехі, ісьці слухаць гэтых клясных музыкаў ня раю. Піце лепш «Колу». А для тых, хто здольны адчуць розьніцу паміж ліпкай слодыччу і смакам сапраўднага піва, паўстае ўнікальны шанец пераканацца, што на сьвеце існуюць музыка і музычка. І калі апошнюю трэба ўсяго толькі бяздумна спажываць, музыку трэба ўмець слухаць. Што ня так проста нават у дачыненьні да року.

Ужо хоць бы таму, што пачынаць рабіць гэта варта было б з 1968 году, калі ўпершыню прарэзаўся магутны і неўміручы голас «Led Zeppelin»…

Дзьмітры Падбярэскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0