Свой жнівеньскі тыднёвы адпачынак прабыў зь дзецьмі ў бабчынай вёсцы. За адсутнасьцю альтэрнатывы глядзеў штовечара «Панараму». І аднойчы пабачыў у ёй геніяльны рэпартаж з жніва. Гаворка вялася пра дапамогу перадавых шчучынскіх камбайнёраў калгасам Астравеччыны. Адзін з герояў рэпартажу, малады дыплямаваны доктар, прыехаў на час адпачынку ў родную вёску, каб папрацаваць на камбайне. Гэта ня хобі, хоць праца ў полі лекару даспадобы. Ён прыехаў, «каб падзарабіць».

АТН паставіла ў эфір гэтую тэлепастараль са сьвяточна апранутымі пэйзанамі — і не падумала, які артроз сыстэмы агаляе. Глядзіце, як добра плацяць працаўнікам вёскі — людзі з гораду прыяжджаюць сюды зарабіць. Захапляйцеся, як арганізавана дапамагаюць гаспадаркам паўночных раёнаў вобласьці.

Малады доктар атрымлівае столькі, што мусіць парабкаваць камбайнёрам на адпачынку. Раўняйцеся, Польшча і Галяндыя. А справы ў калгасах перадавой Шчучыншчыны такія добрыя, што на жніво наймаюць гарадзкіх. Сваіх няма каго. А што ж тады робіцца ў Хоцімску?

«Уратуем вёску — краіна будзе жыць. Ня зробім гэтага — цяжка нам будзе», — з году ў год паўтарае нам з тэлеэкранаў правадыр, як толькі надыходзяць гарачыя дні паншчыны. А пачак масла як каштаваў у вясковай краме на 200 рублёў даражэй, чым у гарадзкой, так і каштуе.

Сыстэма хацела б такіх «спакойных крокаў па разьвіцьці прыватнай уласнасьці» ў вёсцы, каб пры гэтым прыгону не скасоўваць. Не ўдаецца праз калгасы — аддадуць калгасьнікаў у найміты прадпрымальнікам (пра новыя рэформы на вёсцы цікава піша Дамінік Міхайловіч на старонцы 4). Але ўсе дагэтулешнія рэформы не касуюць сутнасьці прыгону — прымусовага абмену і цэнтралізаванага пераразьмеркаваньня сродкаў між вёскай і горадам. Сяло век прадае прадукцыю за бясцэнак, гаруе без інвэстыцый і век цалуе панскую ручку, якая шчодра вяртае 20% дзяржбюджэту яму ж, але ўжо ў якасьці датацый, якія можна атрымаць, а можна і не атрымаць. Прымусам ці дажынкамі, матам ці пахвалою, але вёску, як і ўсю краіну з дактарамі, трактарыстамі і бюджэтнікамі разам, трымаюць у стане поўнага бяспраўя, залежнасьці ад улады, а ўрэшце — беспэрспэктыўнасьці. Калі толькі піць і красьці й застаецца, што б ні шчабяталі «панарамныя» салоўкі.

Убачыў я на мацярыншчыне яшчэ адно дзіва. У адной прылеснай вёсцы, зь «беспэрспэктыўных», пры дарозе на пэрыфэрыйны памежпераход збудаваў дзядзька гасьціны двор з харчэўняй і гаражамі. І дрэмле гэтая карчма з чырвонае цэглы пры дарозе, замкнёныя яе весьніцы. Зачынілі. Вядома, што на просьбу суседзяў, аднавяскоўцаў, як гэта ў нас робіцца, бо шмат шуму было ад яе наведнікаў...

Абы засявалі ўсё — няважна, якім коштам. Абы ня сталі некіраванымі. Не спрачаюся — добра, што зямля ў нас не ляжыць аблогам. Але не такім спосабам, як цяпер, гэта павінна дасягацца, не такім.

Андрэй Дынько

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0