Старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Анатоль Тозік у лісьце, адрасаваным Аляксандру Лукашэнку, падае інфармацыю аб санкцыях у памеры 7 млрд 300 млн руб., якія ўжо былі нібыта прымененыя да «РРБ-банку». Насамрэч пакуль што ні пра якія санкцыі ў банку ніхто ня чуў, праца ідзе ў звычайным рэжыме. Мо Тозік дэзынфармаваў прэзыдэнта? Ці нехта закінуў «дэзу» самому Тозіку?

Сума, якая фігуруе ў лісьце старшыні Камітэту дзяржкантролю, сьведчыць толькі аб адным: банк некаму «не падабаецца» і нехта хоча яго сьмерці. Бо сума гэтая ў пераліку на даляры складае амаль тры з паловай мільёны. Гэтыя грошы — па сутнасьці, «РРБ-банк» цалкам з усёй сваёй «гаспадаркай»: статутным фондам, актывамі, нерухомасьцю й пэрсаналам. Іншая справа, што Тозік інфармаваў прэзыдэнта на падставе лічбаў, атрыманых з падатковай інспэкцыі. Яна налічыла банку «эканамічныя санкцыі найвышэйшай нацэначнай катэгорыі» за «незабесьпячэньне неабходнага кантролю за выкананьнем усталяванага парадку звароту вэксаляў».

Між іншым, ЗАТ «Банк рэканвэрсіі й разьвіцьця РРБ-банк» — невялікі нават у беларускіх мерках. Ён быў утвораны 10 гадоў таму й паступова заняў сваё пачэснае месца ў сярэдзіне банкаўскай «турнірнай табліцы». Дзесьці два гады таму банк больш актыўна пачаў працаваць з вэксалямі, прычым адмыслоўцы кажуць, што ягоныя схемы працы нічым ня розьніліся ад тых, зь якімі працуюць у іншых банках. У «РРБ-банку» абвяргаюць інфармацыю пра недавыплачаныя банкам падаткі, а таксама закід Тозіка пра «падложныя» дакумэнты, на аснове якіх, быццам бы, ажыцьцяўляліся ў банку ўсе апэрацыі з вэксалямі. Больш за тое, два месяцы таму на патрабаваньне Асацыяцыі беларускіх банкаў зь Дзяржаўнай падатковай інспэкцыі прыйшлі тлумачэньні наконт ажыцьцяўленьня апэрацыяў з вэксалямі.

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў газэцэ "НН".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0