У Беластоку разгарэўся скандал вакол адзінай беларускай газэты Польшчы — «Нівы». Падчас праверкі яе фінансава-гаспадарчай дзейнасьці Найвышэйшая кантрольная палата Польшчы выявіла парушэньні, у тым ліку — нямэтавае выкарыстаньне дзясяткаў тысячаў даляраў дзяржаўнай датацыі. Выдаўцы газэты сьцьвярджаюць, што справу разьдзімаюць польскія посткамуністы.

Супрацоўнік кантрольнай палаты сядзеў у рэдакцыі газэты паўтара месяца. Неўзабаве пасьля гэтага беластоцкі «Kurjer poranny» выбухнуў сэнсацыяй: «Нівай» хутка зоймецца пракуратура. Тэму з ахвотай падхапілі польскія СМІ. Галоўны рэдактар «Нівы» Яўген Мірановіч сьведчыць: у выніковым дакумэнце праверкі агульная дзейнасьць рэдакцыі ацэньвалася станоўча, за выключэньнем вядзеньня бухгальтэрыі.

Праверка выявіла, што рэдакцыя завышала наклад тыднёвіка. У 2001 г. — на 24%, адпаведна атрымала датацыю ад Мінкульту на 42,4 тысячы злотых больш. У 2002 г. «Ніва» друкавалася сярэднім накладам 1197 асобнікаў, а афіцыйна падавала — 2200. Я.Мірановіч парыруе: наклад не завышаўся. Бралася сярэдняя гадавая лічба (калядны нумар з календаром выходзіць вялікім накладам). Кантралёр выявіў, што кошты выданьня газэты за 2001—2002 г. былі завышаныя на 102 тыс. злотых (26,1 тыс. даляраў). На набыцьцё паштовых марак было выдаткавана з датацыйных грошай 8 тыс. даляраў, і такую ж суму «Ніва» атрымала на гэтыя ж мэты ад Фонду Сьцяпана Батуры. Ніўцы ж кажуць, што Фонд Батуры прафінансаваў перасылку газэты падпісчыкам у Беларусь. Усяго кантралёр налічыў 174 тыс. датацыйных злотых (каля 44,6 тыс. даляраў), выкарыстаных не паводле прызначэньня. Памер дзярждатацыі «Ніве» ў 2001 г. складаў 382 тыс. злотых, у 2002 г. — 326 тыс., а сёлета — 310 тыс. злотых. (От каб беларускім газэтам ды гэткія датацыі ад роднага ўраду, якія мае «Ніва» ад польскага!)

Кіраўніцтва «Нівы» сьцьвярджае, што не парушыць таго закону вельмі цяжка. Датацыя на рэдакцыйны рахунак прыходзіць увесну, а ўжо да канца кастрычніка трэба даць справаздачу пра гэтыя грошы. Выходзіць, што 52 нумары «Нівы», заплянаваныя на год, мусяць выйсьці за шэсьць месяцаў. Каб не рабіць перапынку ў выданьні, супрацоўнікі змушаныя былі ісьці на хітрыкі. Адсюль — завышэньне коштаў і накладаў. Зэканомленыя грошы, аднак, ішлі не ў кішэні журналістаў, а на выданьне газэты ў «дадатацыйны пэрыяд» і на іншыя культурніцкія праекты. Сытуацыя добра знаёмая многім выдаўцам незалежнай рэгіянальнай прэсы ў Беларусі.

Рэдакцыйны актыў «Нівы» пэўны: скандал зь «Нівай» штучна створаны з удзелам левых палітычных сілаў, якія цяпер пры ўладзе ў Польшчы. На апошніх выбарах беларусы склалі ім сур’ёзную канкурэнцыю на Беласточчыне і прымусілі зноў з сабой лічыцца. Адсюль і атака на «Ніву», скандал вакол якой мусіў бумэрангам ударыць і па шэрагу лідэраў беларусаў Беласточчыны. Рэч і ў тым, што «Ніву» засноўвалі за ПНР і выдаўцом яе было Беларускае грамадзка-культурнае таварыства, цесна зьвязанае зь левымі і беларускім урадам (цяпер на чале яго Ян Сычэўскі). Але на пачатку 90-х выдаўцом тыднёвіка стала Праграмная рада, у склад якой увайшлі прадстаўнікі васьмі арганізацый, што прадстаўляюць беларускую меншасьць, пераважна зьвязаныя з дэмакратычнай апазыцыяй часоў ПНР.

Наколькі атака ўдалася, пакуль казаць рана. Калі Мінкульт палічыць праступак рэдакцыі вельмі сур’ёзным, можна чакаць спыненьня штогадовай датацыі на выданьне газэты. А гэта сьмяротны прысуд для «Нівы» ў тым выглядзе, у якім яна існуе ўжо амаль паўстагодзьдзя. (Газэта невялікае беларускае меншасьці акупляецца толькі на 10%.)

«Справа нават не ў датацыях, а ў стане нашага грамадзтва, — кажа гісторык Алег Латышонак. — Падае колькасьць чытачоў, якія валодаюць беларускай мовай. Але ў любым выпадку «Ніва» будзе выходзіць».

Сяргей Ёрш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0