31 ліпеня Ўладзімер Пуцін узнагародзіў мітрапаліта Філарэта ордэнам «За заслугі перад Айчынай» IV ступені. Мітрапаліт падзякаваў прэзыдэнту Расеі «за высокую ўвагу» і вымавіў загадкавую фразу: «Служу Айчыне і саюзнай дзяржаве Расеі і Беларусі!» — «Я хачу вам выказаць шчырую ўдзячнасьць за вашае служэньне і Богу», — дадаў Пуцін. Выглядала гэта досыць камічна. На гэтым эпізодзе сароўскіх урачыстасьцяў спынілі ўвагу расейскія тэлеканалы. Паводле зьвестак «НН», расейскія ўлады разглядаюць мітрапаліта Менскага і Слуцкага як магчымага наступніка патрыярха Аляксія. Кожнае абвастрэньне хваробаў Ягонага Сьвяцейшаства выклікае новую хвалю чутак пра барацьбу за царкоўную ўладу.

Мітрапаліт Філарэт (Кірыл Вахрамееў) нарадзіўся 21 сакавіка 1935 г. у Маскве. Вахрамеевы — знакаміты купецкі род зь Яраслаўля, дваране з 1913 г. Філарэт атрымаў вышэйшую духоўную асьвету ў Маскве. Восем гадоў ён узначальваў Аддзел замежных царкоўных зносінаў (фактычна міністэрства замежных справаў царквы) і патрыяршы экзархат Заходняй Эўропы. Зь Беларусяй лёс зьвязаў яго ў 1978 г., калі Філарэт быў прызначаны мітрапалітам Менскім і Беларускім. У 1989 г. быў створаны Беларускі экзархат РПЦ, а Філарэт стаў патрыяршым экзархам усяе Беларусі. Чалавек далёкі ад беларускіх нацыянальных ідэалаў і традыцый, ён прадвызначыў русіфікаваны стан беларускае царквы ў наступным дзесяцігодзьдзі. Беларуская царква не набыла самастойнасьці, але пазьбегла расколаў. Лукашэнкава адміністрацыя зрабіла стаўку на праваслаўную царкву, але коштам прыніжэньня яе духоўнага аўтарытэту. «Наставілі столькі цэркваў, што ўжо спэцыялістаў на іх не стае», — гэтая фраза беларускага лідэра дагэтуль смыліць беларускім япіскапам.

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў газэцэ "НН".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0