У мінулым нумары «НН» быў зьмешчаны ліст менчука Вольфа Рубінчыка «Брудныя правакацыі з выкарыстаньнем Левіна». У «НН» патэлефанаваў сам Леанід Левін і паведаміў наступнае: — Да нядаўняга часу я і не падазраваў пра існаваньне такой газэты — «Обозреватель».

Калі яе маладыя карэспандэнты прапанавалі зрабіць інтэрвію пра габрэйскую дыяспару, я пагадзіўся. Падчас размовы ў іх узьнікла пытаньне: «Ці ёсьць у Беларусі антысэмітызм?» Я патлумачыў, што дзяржаўнага антысэмітызму ў нас цяпер няма. Але ёсьць антысэмітызм асабісты. У тым ліку і сярод людзей з урадавых колаў. І я назваў Касьцяна і Скобелева. Пра Навасяда наагул не было ніякай гаворкі, а Фралова я згадаў, калі зайшла размова пра адкрыцьцё ў Старых Дарогах мэмарыяльнага знаку Васілю Быкаву, дзе ён прысутнічаў. Я добра ведаю і Фралова, і Навасяда. І ў мяне язык не павярнуўся б сказаць, што яны — антысэміты.

Я быў у шоку, калі пабачыў газэту з інтэрвію. У мае вусны ўклалі словы, якіх я не гаварыў і ня мог сказаць! У рэдакцыі гэтай газэты адмовіліся даць для праслухоўваньня запіс нашай размовы, як і друкаваць абвяржэньне. Парадзілі зьвяртацца ў суд. Са мной абышліся па-бандыцку. За сваё доўгае жыцьцё я ніколі не трапляў у такую сытуацыю. Гэта сапраўдны чорны піяр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0