1 верасьня ліцэісты прыйдуць на ўрачыстую лінейку да свайго будынку па вул.Кірава, 21. У гэты ж дзень пачнуцца заняткі.

Гэты год яны будуць займацца ў розных памяшканьнях, у тым ліку ў хатніх умовах. Калі ўлады ня вырашаць сытуацыі, увесну ліцэісты здадуць экзамэны экстэрнам. Настаўнікі прысягнулі займацца з вучнямі. З 159 навучэнцаў 137 ужо далі сваю згоду на такую форму навучаньня. Такім чынам, Ліцэй, зачынены ўладамі, не разваліўся, а цалкам захаваў калектыў. Тым самым захаваецца і ўзровень выкладаньня. Прапанова гаркаму адукацыі стварыць адну клясу ў ліцэі БДУ, а астатніх вучняў дадаць ва ўжо наяўныя клясы ў беларускамоўных гімназіях — для ліцэістаў і іхных бацькоў непрымальная.

Асноўны клопат бацькоў і выкладчыкаў цяпер — арганізаваць навучальны працэс. Падручнікі ўжо здабылі, як і сродкі на іншыя навучальныя матэрыялы.

Ліцэісты працягваюць «лятучыя» акцыі ў абарону сваёй установы. 21 жніўня прайшла акцыя на Нямізе, 22-га — на праспэкце Скарыны насупраць ГУМу. Абедзьве яны былі адзначаныя пільнай увагай міліцыянтаў.

Футбольны турнір «За ліцэй» 24 жніўня сабраў восем камандаў: выпускнікі ліцэю розных гадоў, «Зубр», «Альфа-радыё — Наша музыка», зборная Барысава, «Малады фронт», «Супольнасьць», «Дзявятка» (інтэрнэтны фан-клюб «Дынама Менск»), зборная журналістаў. Перамаглі апошнія, капітан каманды Алег Грузьдзіловіч атрымаў кубак з надпісам «За ліцэй-2003». Абяцанае ў якасьці прызу піва нікому не дасталося: бацькі не далі ліцэістам грошай на яго, «каб не прыніжаць ідэалаў змаганьня за ліцэй».

26 жніўня міліцыянты з увагі на прыезд у Менск расейскага міністра ўнутраных справаў Барыса Грызлова не дазволілі абаронцам ліцэю выйсьці на праспэкт вуліцай Кірава. Тады навучэнцы дварамі прарваліся да ГУМу і, пасеўшы на зямлю, сьпявалі песьні, прысьвечаныя ліцэю, зьбіралі подпісы ў падтрымку. На сёньня іх больш за 8000.

Зьявіліся і першыя водгукі на зварот выкладчыкаў да настаўнікаў Беларусі. Зьвяртаюцца настаўнікі з розных школаў сталіцы, пытаюцца, чым можна дапамагчы. Працягваюць выступы ў абарону ліцэю паэты, музыкі і мастакі: 26 жніўня прайшла чарговая вечарына з удзелам Ніла Гілевіча, Зьмітра Вайцюшкевіча, Андрэя Хадановіча. Прысутныя хорам сьпявалі «Я нарадзіўся тут». Выставу адной карціны («Партызанская школа») наладзіў Мікола Купава. Ня здолеў прыехаць Віктар Шалкевіч, ён даў сольны канцэрт у сераду. Сустрэчы з творцамі маюць адбывацца і надалей.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0