Пад гародамі ў 2-м Замкавым завулку знойдзены каменныя падмуркі.

Вынікі сёлетняга археалягічнага сэзону на аршанскім замчышчы можна лічыць сэнсацыйнымі. На гародах, якія, згодна з распараджэньнем гарвыканкаму, адабралі ў жыхароў па 2-м Замкавым завулку, былі знойдзены магутныя падмуркі з валуноў на вапнавай рошчыне. Іх таўшчыня каля мэтра. Знойдзеныя ў верхніх пластах рэчы датуюцца ХVІ—ХІХ ст. Сярод шматлікіх фрагмэнтаў керамікі, вырабаў з мэталаў, шкла і косткі ёсьць жалезнае ядро, наканечнік стралы, кулі. Як мяркуе кіраўнічка раскопак, доктарка гістарычных навук Вольга Ляўко, гэта падмуркі замку XIV—XVII ст. За ўвесь час вывучэньня аршанскага замчышча мураваныя падмуркі адкапаныя ўпершыню. Цяпер археолягі будуць вызначаць канфігурацыю замку, этапы яго будаваньня. Мясцовыя музэйшчыкі ды краязнаўцы спадзяюцца, што рэшткі замку будуць прафэсійна закансэрваваныя і стануць адметным экскурсійным аб’ектам. Але аднавіць Аршанскі замак, пра што марыць ураджэнец Воршы мастак Мікола Купава, наўрад ці ўдасца.

Віктар Лютынскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0