3 верасьня, пасьля доўгага перапынку, выйшла «Белорусская деловая газета». Аднак лёс выданьня пакуль няпэўны. У рэдакцыі спадзяюцца, што сытуацыя павінна праясьніцца цягам бліжэйшага тыдня.Тыя тры месяцы, на якія Міністэрства iнфармацыі прычыніла «БДГ», газэта выходзіла пад іншымі лягатыпамі, друкавалася як у Беларусі, так і за мяжой. Усяго выйшлі дванаццаць Hумароў «нелегальнай» «БДГ». Першы «легальны» нумар быў таксама надрукаваны за мяжой — у Смаленску. Беларускія друкарні чакаюць дазволу зьверху, якога пакуль няма.

Паводле словаў галоўнай рэдактаркі «БДГ» Сьвятланы Калінкінай, Мінінфармацыі заяўляе пра тое, што канфлікт вычарпаны і беларускія друкарні могуць друкаваць газэту. Але друкарні чакаюць інструкцый — не адмаўляюць у друку, але і не пагаджаюцца на яго. Сыстэмы дзяржаўнага распаўсюду прэсы дамовы з «БДГ» аднавілі.

«Улады проста цягнуць час, — кажа С.Калінкіна. — Думаю, што гэта будзе рацягвацца да канца тыдня. І яны будуць глядзець, ці зразумела «БДГ» намёк. Мы яго зразумелі, але не зьбіраемся адступаць ад канцэпцыі нашага выданьня. Будзем пісаць не пра віртуальныя рэчы, а пра рэальныя». Досьвед «БДГ», якая ўжо тры месяцы змагаецца за існаваньне, можа быць вельмі карысным і для іншых незалежных выданьняў. Між іншым, кіраўніцтва газэты здолела захаваць калектыў.

У сьвежым нумары «БДГ» — журналісцкае расьсьледаваньне арышту сямі супрацоўнікаў Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта «Белая Русь», які ажыцьцявіла КДБ.

Алег Тачоны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0