Сёлета на Крапівенскае поле пад Воршу ехалі разам з экскурсійнай групай праз Талачын і Смаляны. У Талачыне праваслаўная царква была пабудавана як уніяцкая. Бацюшка распавядае пра гісторыю сабору спакойна: «У тыя часы, калі будаваўся наш храм, большы ўхіл быў у унію». Запрашае прыехаць налета на канфэрэнцыю, прысьвечаную гадавіне збудаваньня храму.

У Смалянах усе ахвотна фатаграфуюцца на фоне старога дамініканскага кляштару. Дабрацца да руінаў «Белага Ковелю» — замку, што пабудавалі князі Сангушкі ў XVII ст., не ўдалося: дажджы ператварылі яго навакольле ў непраходную мясцовасьць.

У аршанскім касьцёле Сьв.Язэпа ксёндз запытаўся: «Вы, мабыць, прыйшлі паглядзець карціну з Аршанскай бітвай? Па вачах бачу». Копія карціны «Бітва пад Воршай» (арыгінал — у Варшаве) захоўваецца ў касьцёле. Калі пад’яжджалі да Богаяўленскай царквы праваслаўнага Куцеінскага манастыра, адзін з спадарожнікаў запытаўся: «А што, манастыр таксама раней быў уніяцкім?» Давялося тлумачыць, што ў нас ня ўсе праваслаўныя цэрквы былі раней каталіцкімі ды ўніяцкімі храмамі…

На Крапівенскае поле прыехалі поначы. Міліцыя запісвала ў нататнікі нумары ўсіх машынаў. На пытаньне кіроўцы, чаму запісваюць, быў адказ:

— А раптам з вамі што-небудзь здарыцца?

— Што са мной можа здарыцца? — разгубіўся кіроўца.

— А вы ўпэўнены, што з вамі нічога ня можа здарыцца?

Намёты абыходзіла кампанія з маёра ды чатырох сэржантаў, шукала галоўнага арганізатара. Не знайшоўшы «галоўнага», міліцыя саступіла месца кадэбэшнікам. Тыя прыбылі зь відэакамэрамі, запэўніваючы, што здымаюць для асабістых архіваў.

Пасьля грэка-каталіцкага набажэнства ды рыцарскіх двубояў сьпявалі барды. Ігар Мухін-Рабянок, Серж Мінскевіч, як і два Зьмітры — Бартосік і Сідаровіч — выконвалі старыя песьні. Праўдзівай зоркай глядзеўся Андрэй Хадановіч. Адкрыцьцём фэсту сталася паэтка Тацяна Барысік — аўтарка «НН» і канкурэнтка Хадановічу ў сфэры іранічнае паэзіі. Гэтая абаяльная дзяўчына і атрымала саламяную «Залатую карону» фэсту ад Алеся Пушкіна і Арыны Вячоркі. А бард з Жодзіна Павал Красоўскі атрымаў рыцарскі пярсьцёнак. Сам Пушкін не спыняе шакаваць публіку: «Едзе Лукашэнка на танку пад бел-чырвона-белым сьцягам. Вакол танка Вячорка, Лябедзька, Севярынец. А зьверху надпіс: «На Вільню!»

Ад папярэдніх фэст розьніўся й тым, што сёлета ўдзельнікі пачалі піць раней, чым звычайна. Ужо гадзіне а дзявятай-дзясятай вечара ладная палова ўдзельнікаў была нападпітку. Асабліва шчыравалі аршанскія сацыял-дэмакраты: пілі «За салідарнасьць!» і проста так. Скончыўся фэст дыскатэкай і прыездам Андрэя Мельнікава. Стомлены папярэднімі выступамі генэратар адмовіўся працаваць для «бацькі» аршанскага фэсту — Мельнікаву давялося сьпяваць безь сьвятла ды мікрафона.

Прысутны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0