Кіраўнік беларускай дзяржавы напярэдадні прыходу Лукашэнкі да ўлады, дзяяч сацыял-дэмакратыі, генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы. Гэта ўсё пра Мечыслава Грыба, чалавека, чый подпіс стаіць пад Канстытуцыяй 1994 г. Мы адшукалі спадара Мечыслава на Нарачы, дзе ён адпачывае ў санаторыі. 28 верасьня сп.Грыбу споўніцца 65 гадоў.

«НН»: Адкуль у Вас такое прозьвішча?

Мечыслаў Грыб: На Дзятлаўшчыне шмат Грыбоў, але жывуць яны ў асноўным каля Наваельні. Там іх цэлыя вёскі. Але мы зь імі ня маем сваяцкіх сувязяў. Бацька мой паходзіць з-пад Казлоўшчыны. А ў вёску Савічы ён прыйшоў у прымы. Бацька загінуў на фронце ў 1945-м, і маці нас, чацьвярых дзяцей, адна выгадавала. І ўсе мы вышэйшую адукацыю атрымалі. Даводзілася шмат працаваць, дамагацца ўсяго ў жыцьці сваімі сіламі... Мой малодшы брат Станіслаў — навуковец, акадэмік. Мы зь ім у даведніках ідзём адзін за адным…

«НН»: Можа, прыгадаеце нейкія кур’ёзныя выпадкі, зьвязаныя з прозьвішчам?

М.Г.: Калісьці я балятаваўся на Дзятлаўшчыне ў дэпутаты Вярхоўнага Савету. І што цікава, маім супернікам быў старшыня пасялковага савету з Наваельні па прозьвішчу Грыб. Але ён зьняў сваю кандыдатуру. Я да гэтага ніякага дачыненьня ня меў. Відаць, зь ім мясцовыя людзі папрацавалі. Пабаяліся блытаніны — двух Грыбоў у адным бюлетэні...

Усялякае было ў жыцьці. Але я ніколі ня ставіў пытаньня пра зьмену прозьвішча. Можна ж было стацца, на расейскі капыл, «Грыбавым». Але я не лічыў гэта патрэбным, як і ня ўзяў больш прыгожага прозьвішча маці — Сокал. Паразважаў і застаўся Грыбам.

«НН»: А беларускаму эсэру Тамашу Грыбу Вы не сваяк?

М.Г.: Не, ён з Астравеччыны родам.

«НН»: Ці ёсьць грыбы ў нарачанскіх лясах?

М.Г.: Тут, на Нарачы, столькі грыбоў! Цягаюць іх людзі мяхамі! Сёньня і я з жонкай пахадзіў па лесе гадзіны тры: і сьвежым паветрам падыхалі, і грыбоў пазьбіралі. Наагул, у санаторыі ўсё пахне грыбамі: хто іх сушыць, хто смажыць…

«НН»: Якія грыбныя стравы Вы любіце?

М.Г.: Падабаюцца грузды белыя і чорныя. Калі іх добра прыгатаваць — вымачыць, пасаліць, а потым з цыбулькай і сьмятанай — смаката выйдзе!

Гутарыў Сяргей Ёрш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0