На тыдні скончыцца праца над кліпам на песьню «Госьці» з праекту «Крамбамбуля. Каралі раёну». Відэа абяцае быць такім самым вясёлым, як і песьня. Рэжысэры роліку — Аляксей Хацкевіч і Мацьвей Сабураў, вядомыя з кліпаў «Ляпіса Трубяцкога» (апошняя праца — «Ластаўкі») і Сашы зь Сірожам.

Акром выканаўцаў — Лявона Вольскага і Сяргея Міхалка — у кадры можна будзе пабачыць вядомых спартоўцаў, якія і граюць, уласна, ролю «гасьцей зь іншаземных абласьцей». У здымках узялі ўдзел футбалісты Генадзь Туміловіч, Аляксандар Глеб і Аляксандар Хацкевіч, плыўчыха Аляксандра Герасіменя і вэлясыпэдыстка Натальля Цылінская. Спартоўцы пагадзіліся здымацца бясплатна.

Кліп будзе напалову анімацыйны (кшталту «Аў» «Ляпісаў»): удзельнікаў здымкаў шматкроць фатаграфавалі, каб потым сумясьціць іхнія фэйсы з намаляванымі целамі. «Гэта будзе гэткі лубачны постмадэрнізм», — кажа Лявон Вольскі. На тэлеэкранах «Гасьцей» можна будзе пабачыць у пачатку кастрычніка.

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0