У Беларусі поўная неадчувальнасьць на інтэграцыйныя працэсы.Угоду прэзыдэнтаў Беларусі, Украіны, Расеі і Казахстану аб стварэньні Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) некаторыя пасьпяшаліся параўнаць зь ялцінскімі пагадненьнямі 1945 г., што падзялілі Эўропу на савецкую і заходнюю зоны ўплыву. Прадстаўнікі Эўразьвязу і ЗША адкрыта выказвалі занепакоенасьць. У Брусэлі і Вашынгтоне Ялцінскія пагадненьні’2003 разглядалі як сур’ёзную спробу Расеі аднавіць поле прыцягненьня краінаў былога Савецкага Саюзу. На думку камісара ЭЗ па справе пашырэньня Гюнтэра Фэрхогена, уваход краіны ў адзіную эканамічную прастору ў Эўразіі перакрэсьлівае магчымасьць далучэньня да аналягічнае заходнеэўрапейскае. Газэта «Wall Street Journal» засьцерагала Маскву ад пашырэньня свайго ўплыву на Ўкраіну ды Беларусь.

Аднак прэзыдэнт Беларусі, які, прынамсі, на словах — вялікі прыхільнік аб’яднаньня дзяржаваў былога СССР, быў яўна расчараваны і раздражнёны вынікамі спатканьня. На заключнай прэс-канфэрэнцыі нават гаркаўся з гаспадаром — Леанідам Кучмам.

Калі дайшла справа да падпісаньня дакумэнту, першым, паводле пратаколу, яго ўзяў у рукі менавіта Аляксандар Лукашэнка, але подпісу не паставіў — перадаў Назарбаеву. «Давайце пачнём са старэйшых», — сказаў кіраўнік Беларусі. У выніку А.Лукашэнка падпісаў пагадненьне апошнім, папярэдне пагартаўшы дакумэнты, нібыта маючы засьцярогу, што іх могуць падмяніць. Кучма не ўстрымаўся, каб не зачапіць беларускага калегу: пацікавіўся, чаму ён усіх крытыкуе. Лукашэнка адказаў, што нікога ён не крытыкуе, і паставіў свой подпіс.

Але Кучма працягваў жартаваць. «Многія палітыкі, якія так апантана выступаюць супраць дакумэнтаў, нават іх не чыталі, — сказаў украінскі прэзыдэнт. — Але самае цікавае крыецца ў тым, што гэтыя палітыкі прыедуць у Маскву і будуць прасіць падтрымкі на чарговых выбарах». Лукашэнка адрэагаваў імгненна, нагадаўшы Кучму пра яго праблемы: «У нас ёсьць дзейны прэзыдэнт Украіны, і спадзяюся, што яшчэ доўга будзе».

Зь вялікім рыпам прайшоў праект стварэньня «наднацыянальнага органу», што мусіць кіраваць АЭП. У выніку ў дакумэнце зьявіўся орган «рэгулявальны». Праўда, яму ўсё ж перадаецца частка паўнамоцтваў краінаў-падпісантак і рашэньні яго абавязковыя для выкананьня. Украінскі бок перастрахаваўся — абавязковыя, калі не супярэчаць Канстытуцыі. Беларускі бок у асобе А.Лукашэнкі выказаў скептыцызм наконт таго, што пагадненьне, пасьля ўнесеных удакладненьняў і агаворак, будзе працаваць. «Беларусь будзе штосьці прадпрымаць у рамках АЭП толькі пасьля таго, як гэта зробяць астатнія ўдзельнікі», — сказаў Лукашэнка.

Украіна перажыла напярэдадні падпісаньня такі сабе палітычны момант ісьціны. Прапанова падпісаць дакумэнты аб стварэньні АЭП у іхным першапачатковым варыянце сутыкнулася з такімі пратэстамі апазыцыі, дыпляматаў, большай часткі міністраў, а таксама эўрапейскіх і амэрыканскіх партнэраў Украіны, што Кучма і Януковіч мусілі адкарэктаваць сваю пазыцыю і канчатковы тэкст пагадненьня.

У Беларусі ж пагадненьня, здаецца, сур’ёзна не чытаў ніхто. У сытуацыі, калі Беларусь ужо ўтварыла супольны рынак з Расеяй, мытны саюз з Расеяй і цэнтральнаазіяцкімі краінамі, далучэньне ці недалучэньне да АЭП мала што мяняюць у замежнапалітычнай арыентацыі краіны. Звыклася зь цяперашнім станам і дэмакратычная апазыцыя, якая апошнім часам наладжвае плённыя кантакты з Масквой. Да таго ж, у яе заўжды пад саломай схаваны апошні аргумэнт: усе пагадненьні, якія падпісвае недэмакратычны рэжым, ня маюць юрыдычнай сілы. Тым ня менш, шкада, што нашы эканамісты і палітыкі ня маюць магчымасьці публічна абмяркоўваць доўгатэрміновыя зыскі і шкоды ад такіх пагадненьняў для нацыянальных інтарэсаў Беларусі.

Алег Тачоны, Мікола Бугай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0