Гутарка з Аляксандрам Батурам — выкладчыкам паліталёгіі ўнівэрсытэту Трыніці-каледж (Дублін). «НН»: Як Вы ацэньваеце сёньняшні стан беларуска-расейскіх адносінаў, у зьвязку з «газавым крызысам»?

Аляксандар Батура: Нарэшце ствараецца нармальнае, цьвярозае становішча, заснаванае на рынкавай эканоміцы і інтарэсах абедзьвюх дзяржаваў. Пераход на рынкавыя ці калярынкавыя цэны на газ прывядзе Беларусь ці да пошукаў дывэрсыфікацыі крыніцаў сыравіны, ці да неабходных эканамічных рэформаў. Бо прамысловасьць можа папросту абваліцца ад такога шоку. Можа прывесьці і да пошуку альтэрнатыўных інвэстыцыяў, каб падтрымаць прамысловасьць, ці да ўсяго гэтага разам.

Галоўнае — «газавы крызыс» можа падштурхнуць Беларусь да зьмены ейнага статусу. Наўрад ці Беларусь здолее знайсьці іншыя крыніцы сыравіны, бо нават прапанаваныя Расеяй «рынкавыя» цэны ніжэйшыя за сусьветныя. Нават магчымыя інвэстыцыі з арабскіх краінаў, калі яны ўвогуле магчымыя, будуць патрабаваць пэўнай гарантыі. Так што эканамічныя рэформы ўсё ж трэба будзе пачынаць. Ня трэба баяцца рынкавых цэнаў на газ — яны толькі дапамогуць эканоміцы рэфармавацца, зьменшыць залежнасьць ад адной краіны.

У цэлым стан беларуска-расейскіх стасункаў я б ацаніў па меншай меры як патавы, а па большай — як партыю на карысьць Расеі. Нават калі Расея ня здолее навязаць Беларусі свае правілы гульні, любое зацягваньне статус-кво прывядзе да пагаршэньня эканамічнай сытуацыі ў нашай краіне. Пуцін незваротна ператварыўся ў актыўнага інтэгратара, а Лукашэнка цяпер можа граць толькі навязаную яму ролю. Пуцін ня будзе псаваць сабе імідж «зьбіральніка земляў» — расейскія выбарцы гэта любяць. Хутчэй за ўсё ён здолее працягнуць існую патавую сытуацыю да сваіх выбараў.

«НН»: Якія нэгатыўныя наступствы для эканамічнай і палітычнай стабільнасьці Беларусі могуць выклікаць Ялцінскія пагадненьні?

А.Б.: Эканамічная і палітычная «стабільнасьць» Беларусі — нэгатыўная зьява.

Тая «стабільнасьць» — гэта адсутнасьць рэформаў, сацыяльнай, палітычнай і эканамічнай дынамікі, жыцьцёва неабходных для разьвіцьця сучаснага грамадзтва. «Стабільны» мізэрны заробак, «стабільная» адсутнасьць адказнасьці ўладаў за свае памылкі. Нават такія, здаецца, нэгатыўныя паказчыкі, як беспрацоўе (нестабільнасьць), могуць служыць індыкатарам таго, што пачаліся структурныя рэформы эканомікі, і нават такая нестабільнасьць можа быць лепшай, чым наша стабільнасьць.

Сапраўды, Ялцінскія пагадненьні могуць мець «нэгатыўныя» наступствы для «эканамічнай і палітычнай стабільнасьці» Беларусі, калі яны створаць падмурак для эканамічнай дынамікі, падштурхнуць рэформы, такія неабходныя краіне.

Зрэшты, падставаў для залішняга аптымізму няма. У гісторыі СНД і «саюзнай дзяржавы» было шмат бадзёрых заяваў і паляпваньняў па сьпіне, якія нікуды не вядуць. Ня трэба разьлічваць і на «другі Эўразьвяз». На сцэне тыя ж старыя «акторы». Аднак калі Пуцін стане «рухавіком» адзінай эканамічнай прасторы, гэта можна азначаць пэўны прагматызм. Перавага будзе аддадзена не «ўпрыгожваньню елачкі» ў выглядзе наддзяржаўных установаў, актаў, бадзёрых заяваў, а вельмі прагматычнаму і нядрэннаму для ўсіх удзельнікаў саюзу свабоднага гандлю, скасаваньню субсыдый і нетарыфных пагадненьняў, гарманізацыі тарыфаў і пэўных падаткаў. Гэта нядрэнна, пры ўмове што Беларусь заўсёды можа выйсьці з гэтага пагадненьня ў будучыні.

«НН»: Як гэта ўсё можа адбіцца на шанцах Беларусі ўвайсьці ў Эўразьвяз?

А.Б.: Ялцінскія пагадненьні на гэтыя шанцы Беларусі ніяк не ўплываюць. Бо на сёньняшні момант тых шанцаў — прабачце за жорсткасьць — прыкладна столькі ж, колькі ў Марока. Брусэль больш хвалюе, як абсарбаваць «новых эўрапейцаў», што далучацца да «клюбу» налета. На бліжэйшую будучыню межы палітычнай Эўропы — гэта ўсходнія межы Польшчы. Больш таго, сёньня разглядаць Беларусь як магчымага сябра ЭЗ немагчыма нават гіпатэтычна. Па-першае, Беларусь не зьяўляецца дэмакратычнай дзяржавай з рынкавай эканомікай, па-другое, эўрабюракраты да апошняга часу не разглядалі Беларусь як дзяржаву, здольную весьці незалежную замежную палітыку. Можна разважаць пра нэгатыўны ўплыў Ялты на шанцы ўступленьня ў ЭЗ Украіны, якая ў параўнаньні з намі значна прасунулася ўперад па шляху неабходных рэформаў, але гэта ня нашая тэма.

Каб мець шанцы ўвайсьці ў Эўразьвяз, Беларусь павінна быць дэмакратыяй з рынкавай эканомікай, няхай дрэннай, можа, карумпаванай і, можа, некансалідаванай. Паглядзіце на Румынію ці Баўгарыю — яны прайшлі кваліфікацыйны тур.

Дэмакратыя ня валіцца зь неба, гэта вынік эканамічнай і сацыяльнай трансфармацыі, якая вядзе да зьяўленьня новых заможных клясаў, сярэдняй клясы, іншых сучасных сацыяльных груповак, якія зьвязваюць свае інтарэсы з дэмакратыяй. На сёньня ў Беларусі замарожаныя ўсе рэформы, існуе поўная «стабільнасьць».

Ялцінскія ж пагадненьні могуць прывесьці да пэўнай дынамікі, да рэформаў, а рэформы — да зьяўленьня новых інтарэсаў. Якія, магчыма, прывядуць да лібэралізацыі і дэмакратызацыі. І толькі пасьля можна будзе размаўляць пра шанцы на ўступленьне ў Эўразьвяз.

«НН»: Ці варта чакаць зьмены стаўленьня Захаду да рэжыму Лукашэнкі? І якія захады беларускіх уладаў маглі б такія зьмены прысьпешыць?

А.Б.: Цяжка сказаць. Калі паглядзець на палітыку Захаду ў дачыненьні да Беларусі, ствараецца ўражаньне, што ніякага стаўленьня, сфармуляванай палітыкі ўвогуле няма. Існуе хутчэй неразуменьне сытуацыі, жаданьне схавацца ад праблемы, адкласьці разгляд: можа, праблема вырашыцца сама сабой, потым зноў адкласьці... Якаснае, каштоўнаснае стаўленьне да рэжыму Лукашэнкі ня зьменіцца: Эўропа паводле такіх правілаў ужо даўно не гуляе, а Беларусь знаходзіцца ў Эўропе. Амэрыка, хутчэй за ўсё, захавае нэгатыўнае, але ў значнай меры пасіўнае стаўленьне да Беларусі. Цяпер ЗША больш турбуюць тэрарысты на Блізкім Усходзе. І Беларусі ня трэба прыцягваць непатрэбнай увагі з боку Амэрыкі сваёй зброяй.

А вось з наступнага году мяжа ЭЗ будзе праходзіць ля Беларусі і Брусэль павінен будзе вызначыцца з стаўленьнем і стратэгіяй у адносінах да нашай дзяржавы, да сваёй суседкі. І тут магчымая цікавая гульня: Брусэль — Польшча/Літва (як чальцы ЭЗ) — Беларусь. Я думаю, што Польшча і Літва ў новым статусе здолеюць падштурхнуць ЭЗ да разгляду беларускай сытуацыі. Так што я б асьцярожна спрагназаваў магчымыя зьмены з боку ЭЗ, пачынаючы з наступнага году. Беларускаму ўраду, каб прысьпешыць гэтыя зьмены з боку Захаду, ня трэба прыдумваць ровар — дэмакратызацыя і лібэралізацыя. Нафты, дзякуй Богу, у нас няма.

«НН»: Ці ёсьць Беларусі карысьць ад падтрымкі антыпуцінскай апазыцыі ў Расеі?

А.Б.: Умешвацца ў будучыя выбары ў Думу было б вялікай памылкай. Каб падтрымліваць каго ў выбарах, патрэбна, па-першае, мець чым падтрымліваць, па-другое, мець каго падтрымліваць, па-трэцяе, патрэбная матывацыя, мэты гэтай падтрымкі. Калі знайсьці пэўныя сродкі, застанецца пытаньне, якіх гульцоў можна падтрымаць. Вось вы кажаце пра антыпуцінскую апазыцыю, але ці ёсьць такая? Электарат супрацьлеглых партыяў ёсьць электарат Пуціна. Прыхільнікі Пуціна ёсьць як сярод электарату СПС, так і сярод камуністаў. Гіпатэтычна Лукашэнка ня можа падтрымліваць СПС, «Яблык», «Адзіную Расею». Як і ЛДПР, якая гуляе згодна з правіламі Крамля. КПРФ ужо ня тая, што была раней. А больш буйных гульцоў і няма. Хіба што левы блёк Глазьева, нацыянал-сацыялістычнае афарбоўкі, — але і тут незразумела, у якую гульню ён гуляе. Застаюцца «незалежныя» і дробныя партыі. Але нават каб і было каго падтрымліваць, я ня бачу мэтаў такой падтрымкі. Палітычная сытуацыя ў Расеі якасна іншая, чым чатыры гады таму, — цяпер там «кіраваная» дэмакратыя. Любое ўмяшальніцтва кантралюецца і фіксуецца. Нават каб Лукашэнка ўмяшаўся, дык магчымасьць дробнага лабіраваньня падтрыманых ім гульцоў ня вартая рызыкі.

Запісаў Сяргей Ёрш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0