У мінулую нядзелю ў парафіі Катэдральнага Сабору БАПЦ сьв.Кірылы Тураўскага ў Брукліне прайшоў 3-і Беларускі фэстываль.

Раніцай Сьвятую Літургію адправіў а.Ігар Якунін з іерадыяканам Васілём Касьцюком, прыгожа сьпяваў хор пад кіраўніцтвам Ліды Кано. Пасьля службы ўсе сабраліся ў прыбранай ручнікамі царкоўнай залі, дзе чакаў прыгатаваны нашымі ахвярнымі парафіянкамі выбар смачных беларускіх страваў — дранікі, сырнікі і г.д. Гэтыя стравы парафіянкі прадавалі на вуліцы перад царквой, дзе ў гэты дзень мясцовыя амэрыканскія арганізацыі ладзілі вялікі гадавы кірмаш, названы «Atlantic Antic». Шырокая вуліца была на цэлы дзень зачыненая, і на ёй павыстаўлялі тавары сотні амэрыканскіх і рознаэтнічных гандляроў. Беларускія стравы карысталіся добрым попытам, і ўвесь падрыхтаваны запас быў прададзены яшчэ перад канцом кірмашу.

Тым часам у царкоўнай залі пачалася канцэртная частка фэстывалю. Нашыя мілыя парафіянкі-сьпявачкі Ліда Кано і Рыма Пракопчык пад акампанэмэнт Тацяны Дзямешчык выдатна прасьпявалі некалькі беларускіх песьняў. Новай зьявай на нашай сцэне было трыё Тацяны Дзямешчык, яе дачкі Вольгі ды Настасьсі Стралец, выступ якіх выклікаў захапленьне публікі. Апошняя парадавала ўсіх яшчэ і сольным выкананьнем нашых песьняў. Пасьля канцэрту была разыграная багатая лятарэя, пераважна з вырабаў беларускага народнага мастацтва.

Барыс Данілюк, Нью-Ёрк

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0