У найбліжэйшы час у Беларусі плануецца правесці ўстаноўчую канферэнцыю Саюза левых партый (СЛП). Пра гэта БелаПАН паведаміў выконваючы абавязкі старшыні Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч.

Нагадаем, што 22 лістапада 2006 года Партыя камуністаў Беларуская, Беларуская сацыял‑дэмакратычная партыя (Грамада) і Беларуская партыя жанчын «Надзея» падпісалі ў Мінску дэкларацыю аб стварэнні Саюза левых партый. 17 снежня 2006 года ўстаноўчая канферэнцыя саюза прайшла ў Чарнігаве (Украіна), паколькі ў Мінску ў арганізатараў узніклі праблемы з арэндай памяшкання.

У лютым Міністэрства юстыцыі адмовіла СЛП у рэгістрацыі, спасылаючыся на тое, што паводле беларускага заканадаўства палітычныя партыі не маюць права арганізоўваць і праводзіць мерапрыемствы на тэрыторыі іншых дзяржаў. Спроба СЛП аспрэчыць гэтае рашэнне была беспаспяховай: 13 красавіка Вярхоўны суд адмовіў прадстаўнікам саюза ў іску да Мінюста.

Такім чынам, адзначыў А.Ляўковіч, устаноўчую канферэнцыю СЛП «неабходна прадубляваць у Беларусі». Плануецца, што ў ёй возьмуць удзел тыя ж суб’екты, што і ў Чарнігаве.

А.Ляўковіч таксама паведаміў, што на пасяджэнні Цэнтральнага камітэта БСДП (Грамада) 23 чэрвеня была прынята пастанова аб Саюзе левых партый. У ёй адзначаецца, што саюз павінен дзейнічаць як складнік аб’яднаных дэмакратычных сіл, каардынаваць дзеянні левых у розных сферах грамадскага і дзяржаўнага жыцця. Пры гэтым партыі, што ўваходзяць у саюз, павінны захоўваць самастойнасць у адпаведнасці са сваімі статутамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?