Палата прадстаўнікоў кангрэсу ЗША прагаласавала за спыненьне фінансаваньня Рады ААН па правах чалавека. Адпаведную папраўку ў бюджэт на 2008 год, якая забараняе любое фінансаваньне Рады ААН, прагаласаваў 241 кангрэсмэн, супраць былі 178 дэпутатаў.

Унёскі Злучаных Штатаў — найбуйнейшая крыніца фінансаваньня ААН, гэтыя ўнёскі складаюць амаль чвэрць усяго бюджэту ААН.

18 чэрвеня Рада ААН па правах чалавека выключыла Беларусь і Кубу са сьпісу краінаў, у якіх вядзецца сталы маніторынг сытуацыі з правамі чалавека, былі скасаваныя мандаты дакладчыкаў рады па гэтых краінах. У сьпісе краінаў, дзе назіраньне за правамі чалавека будзе весьціся на сталай аснове, засталіся 9 краінаў, у тым ліку Паўночная Карэя, Бірма, Самалі і Судан.

18 чэрвеня прэсавы сакратар дзярждэпартамэнту ЗША Шон Маккормак выказаў расчараваньне Злучаных Штатаў гэтымі рашэньнямі Рады. Ён падкрэсьліў, што Рада амаль цалкам засяродзіла сваю ўвагу на Ізраілі, не закрануўшы сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека ў такіх краінах, як Бірма, Зымбабвэ, Паўночная Карэя, Беларусь і Куба.

На думку прадстаўніка амэрыканскага зьнешнепалітычнага ведамства, скасаваньне мандатаў спэцдакладчыкаў па Беларусі і Кубе яшчэ больш пагоршыць сытуацыю з правамі чалавека ў гэтых краінах.

Гэта ня першы выпадак, калі кангрэс ЗША прымае рашэньне аб спыненьні фінансаваньня асобных праграмаў ААН. Напрыклад, у 2002 годзе Злучаныя Штаты спынілі фінансаваньне агенцтва ААН па народанасельніцтву з прычыны таго, што грошы агенцтва выкарыстоўваліся ў кітайскай праграме прымусовых абортаў.

У цяперашнім рашэньні аб спыненьні фінансаваньня Рады ААН па правах чалавека зьвяртае на сябе ўвагу тое, што ініцыятарам выступілі не парлямэнтары, а выканаўчая ўлада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?