Tацяна ВАБІШЧЭВІЧ

* * *

Адліга... Расталыя сэрцы і цёплыя рукі.

Правідная шэрань прапахла дажджом і іржой.

Паволі зьнікаем у бездані фарбаў і гукаў,

Зьмяшаныя зь вільгацьцю, тлумам і гразкай зямлёй.

Блукаем па горадзе: тут наш апошні прыстанак —

У брудных пад’ездах, у поўных вагонах мэтро.

Зласьлівасьць размокла, чульлівасьць здаецца

заганай,

І нам трошкі крыўдна, ды, зрэшты, ужо ўсё адно.

Цяпер неістотна, хто першы пачаў і навошта:

Даволі шчымлівых гісторый — ад іх толькі горш.

Ніхто не паверыць (а верыць заўсёды так проста),

І ліпкая шчырасьць адно дакучае, ня больш.

Прыгожа і лёгка даюцца цяжкія прызнаньні.

Нагбом, як атруту, мы п’ём бессаромную млосьць.

Усё так наіўна, так хораша, так прадказальна —

І так непатрэбна! Няўжо гэта старасьць і ёсьць...

Суцішваем дрыжыкі — звыкла, амаль несьвядома,

І вочы адводзім, і раптам прысьпешваем крок.

Працягу ня будзе: далей толькі цемра і стома...

І лепей лічыць, што рабілася ўсё незнарок.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0