Магілы беларусаў-эмігрантаў раскіданыя па ўсім сьвеце. Найбольш іх у Амэрыцы: там пахаваныя Арсеньнева і Віцьбіч, Тумаш і Адамовіч, Сяднёў і Золак. Даглядаюць іх эмігранцкія суполкі, хоць многія дзяржавы лічаць сваім абавязкам апекавацца пахаваньнямі суродзічаў на чужыне. Пра тое, як шануюць памяць памерлых землякоў беларусы-эмігранты, распавядае Вітаўт Кіпель.

У Злучаных Штатах уласна беларускіх могілак двое, і яны знаходзяцца ў ведамстве нашых праваслаўных цэркваў. У Нью-Брансуіку (апякуецца Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква) і ў Саўт-Рывэры (яна — у грэцкай юрысдыкцыі). Могілкі называюцца праваслаўнымі, але рэлігійнасьць ці канфэсійная прыналежнасьць вялікага значэньня ня мае. Там хавалі ўсіх беларусаў: каталікоў, праваслаўных і баптыстаў. У Кліўлендзе ёсьць беларуская сэкцыя агульнагарадзкіх могілак, яна ў вельмі добрым стане і даглядаецца. А так беларусы ў іншых месцах пахаваныя на агульных цьвінтарах.

Займаюцца доглядам цэрквы, якія адказныя за могілкі. У цэрквах дзеля гэтага вызначаныя пэўныя асобы. Таму ў Нью-Брансуіку і ў Саўт-Рывэры беларускія могілкі знаходзяцца ў вельмі добрым стане. Там стаяць выдатныя помнікі, помнікі беларусам, палеглым за незалежнасьць Беларусі. На беларускіх могілках у ЗША існуе пантэон — там пахавана шмат выдатных беларускіх дзеячоў розных пакаленьняў. І на іхных надмагільных помніках напісаныя іхныя біяграфіі, ідэалы іх жыцьця. Шмат на якіх помніках ёсьць цытаты з нашых клясыкаў. У прыватнасьці, на помніку маіх бацькоў ёсьць словы Янкі Купалы: «Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні...».

Некаторыя магілкі асабліва ўшаноўваюцца. Час ад часу да іх ускладаюцца вянкі. Прыкладам, на магілы прэзыдэнтаў БНР Васіля Захаркі ў Празе і Міколы Абрамчыка ў Парыжы. Ведаю, што было невялікае паломніцтва на магілу Язэпа Варонкі ў Чыкага. Часам моладзь едзе ўскласьці вянок на магілу Натальлі Арсеньневай у ЗША.

Што тычыцца беларускіх помнікаў магільнага характару, то адзін быў пастаўлены ў 1947—48 г. у горадзе Мітэнвальдзе ў Нямеччыне. Ён быў названы «Ў гонар слуцкіх паўстанцаў». Другі помнік усталяваў спадар Попка на могільніку маленькага гарадка Ляймэн, недалёка ад Штутгарту. І варта згадаць таксама вялікі помнік у Канадзе. Пра Аўстралію я ня ведаю. Наагул, беларускія могілкі ў шырокім сьвеце — цікавая тэма для дасьледаваньняў.

Хто вырашае, дзе хаваць, калі памірае нейкі адзінокі беларус? Залежыць ад таго, чаго гэты чалавек хацеў пры жыцьці. Калі ён меў тэстамэнт і належаў да царквы, то, безумоўна, выконваецца ягоная воля. Шмат такіх людзей. Я добра ведаў, прыкладам, вечнай памяці Пятра Палягошку, які напісаў кніжку «Ўспаміны з жыцьця пад савецкай уладай і з пабудовы Беламорскага каналу». Ён папрасіў, каб яго хавала царква. Альбо ведаю другі такі выпадак, калі ведамы сьпявак Конюх завяшчаў царкве значную суму грошай, ягоная магіла даглядаецца. А калі тэстамэнту няма, то тут справа складаная. Тады паховіны і, наагул, апеку над нябожчыкам пераймае штат, які вырашае, дзе і як будзе хаваць гэтага чалавека. Наагул справа тэстамэнту вельмі важная. У газэце «Бацькаўшчына» ці ў «Беларусе» калісьці быў артыкул «Пішыце тэстамэнты». Здаецца, аўтарам яго быў доктар Войтанка. Ён заклікаў эмігрантаў, каб пісалі тэстамэнты і ў іх прасілі беларускія інстытуцыі заапекавацца парэшткамі іхнымі. Бо інакш зрабіць юрыдычна гэта вельмі цяжка.

За апошні час беларускія могілкі ў Саўт-Рывэры вырасьлі. Калісьці яны былі малыя, але дакупілі зямлю. Пахавальнае бюро было зацікаўленае, каб гэтыя могілкі вырасьлі, і дапамагло набыць суседні зямельны ўчастак, дзе яшчэ быў дом.

Новыя беларускія эмігранты ў ЗША перанялі шмат якія дзялянкі дзейнасьці ад старэйшых эмігрантаў. У царкве мы маем маладых сьвятароў, новыя людзі ёсьць у Беларуска-амэрыканскім задзіночаньні, у рэдакцыі «Беларуса». Гэта ў Нью-Ёрку. Я думаю, тое самае адбудзецца і ў Чыкага. Я ня ведаю, як будзе ў Кліўлендзе. Але відавочна, што нацыянальнае жыцьцё на эміграцыі пераймаецца новымі людзьмі.

Запісаў Сяргей Ёрш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0