У ваенным парадзе, прысвечаным Дню Незалежнасці, які пройдзе ў Мінску 3 ліпеня на скрыжаванні праспектаў Пераможцаў і Машэрава каля стэлы «Мінск — горад‑герой», тэхніка і авіяцыя ўдзелу браць не будуць. Пра гэта 25 чэрвеня на прэс‑канферэнцыі ў сталіцы паведаміў ваенны камендант Мінскай ваеннай камендатуры Анатоль Грыцаў.

Паводле яго слоў, усяго ў ваенным парадзе, які пачнецца ў 11.00, возьмуць удзел 2 тыс. 737 чалавек. Перад гледачамі пройдуць барабаншчыкі Мінскага ваеннага сувораўскага вучылішча, парадныя разлікі Ваеннай акадэміі, у тым ліку два афіцэрскія парадныя разлікі, парадныя разлікі 120‑й асобнай механізаванай брыгады, 86‑й брыгады сувязі, дэпартамента транспартнага забеспячэння Мінабароны, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Дзяржаўнага камітэта пагранічных войскаў, Міністэрства ўнутраных спраў, два парадныя разлікі сіл спецыяльных аперацый. Падчас параду будуць прадэманстраваныя ўзоры новай ваеннай формы для курсантаў і ваеннаслужачых сіл спецыяльных аперацый.

Пасля гэтага традыцыйна з 15‑хвілінным плац‑парадам перад кіраўніцтвам краіны і гледачамі выступіць рота ганаровай варты. Сёлета ў паказе возьме ўдзел 151 ваеннаслужачы роты. Завершыцца ваенны парад песняй у выкананні зводнага духавога аркестра.

У 23.00 адбудзецца святочны салют. Ён пройдзе ў тых жа пунктах сталіцы, што і 9 мая. Пры гэтым каля стэлы «Мінск — горад‑герой» плануецца ўстанавіць не дзве, як звычайна, а тры салютныя ўстаноўкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?