Былы прэзыдэнт Чэхаславаччыны Вацлаў Гавал выступіў у абарону навучэнцаў зачыненае незалежнае беларускамоўнае школы, вымушаных займацца на кватэрах. Сябры бацькоўскае Рады ліцэю атрымалі ад яго ліст.

Шаноўныя і дарагія сябры бацькоўскае Рады,

Я вельмі ўдзячны вам за давер, якім вы абдарылі мяне ў сваім допісе.

Паверце, я добра паінфармаваны пра сытуацыю ў Беларусі — і з афіцыйных, і зь неафіцыйных крыніцаў. Я ведаю пра ціск цяперашняга палітычнага рэжыму на сьвядомых грамадзянаў, пра пасьлядоўную русіфікацыю і зьнішчэньне беларускіх школаў, а таксама пра ліквідацыю ліцэю імя Якуба Коласа. Я гэтым моцна абураны, бо тут ідзецца пра гвалт, скіраваны супраць вашай нацыянальнае самабытнасьці.

Я належу да народу, што ў сваёй гісторыі некалькі разоў быў на мяжы зьнікненьня, бо ворагі — свае і замежныя — скіроўвалі сваю нянавісьць супраць элітаў, веры, культуры і адукацыі. Чэскі народ знайшоў у сабе сілу і меў шчасьце пераадолець усе тыя перашкоды — хоць часта і коштам адставаньня ў цывілізацыйным разьвіцьці. Не сумняваюся, што й беларусы змогуць знайсьці спосаб захаваць у неспрыяльны час нацыянальную ідэнтычнасьць насуперак афіцыйнай уладзе.

Як вы ведаеце, прыблізна год таму чэскае Міністэрства замежных справаў адмовіла выдаць Аляксандру Лукашэнку ўязную візу. Гэта было ў тую пару, калі пяцьдзясят найзначнейшых палітыкаў ціснулі ў Празе адзін аднаму рукі. Я быў згодны з такімі дзеяньнямі чэскага МЗС і лічу, што гэта адзін з найлепшых спосабаў дзеяньня міжнароднае супольнасьці ў такіх выпадках. Аляксандар Лукашэнка ў лік дэмакратычных палітыкаў ня трапіў.

Паверце мне, што вашая сытуацыя не перастане турбаваць мяне і што пры кожнай нагодзе я буду пра яе распавядаць як маральным аўтарытэтам, гэтак і тым, хто знаходзіцца ва ўладзе ў Эўропе.

На заканчэньне прашу вас перадаць мае сардэчныя вітаньні тым, хто бароніць дэмакратыю, і засьведчыць маю падтрымку ўсім, хто змагаецца за захаваньне беларускай самасьвядомасьці.

Ваш Вацлаў Гавэл

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0