Нататкі экс-гараджанкі

Штовечару, як сьцямнее, бачу жаўтаватае зарыва на частцы неба. Гэта ня сонца заходзіць, гэта сьвятло Менску. Часам востра адчуваецца: там, за даляглядам, засталося пятнаццаць гадоў жыцьця. Вельмі многа, амаль палова.

Я магла б доўга распавядаць, як люблю Менск. Чаму ня вельмі любіла яго ў 88-м і чаму мы сталі адной крыві ажно ў 96-м. Той, хто нарадзіўся за сотню кілямэтраў адсюль і за школьныя гады ўсяго раз быў на вёсцы ўзімку, а ў горадзе — улетку; хто ў Менску бываў пару разоў за дзяцінства, дый тое на вакзале, у цырку й Курасоўшчыне, — таму, напэўна, і так усё ясна.

Апошнімі гадамі многія нашы сябры пакінулі Менск, зьехалі на Захад. Іхнія дзеці ўжо засвоілі хто нямецкую мову, хто ангельскую. Нашыя ж удасканальваюць беларускую. Яшчэ перад выбарамі 2001-га я асьцярожна высьвятляла, як мае муж з дачкой успрынялі б ад’езд у замежжа. Абое катэгарычна адмаўляліся паўгоду запар. Сын-немаўля вымушана ўстрымаўся ў галасаваньні, і я засталася ў меншасьці. Перамог дэмакратычны цэнтралізм. І мы зьехалі на іншае ПМЖ. Так я трапіла ў вёску зімовую другі раз. Знаёмыя жахаліся, асабліва карэнныя менчукі, але... Чорт стаўся не такім страшным!

Не сумую па сьветлым даляглядзе. Там засталіся гады абшчаг і чужых куткоў. Усё ж мая душа ня ў Менску, а я ніколі не была мянчанкаю. Менск — родны горад маёй 12-гадовай дачкі. Для мяне — месца працы ды тусоўкі.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0