На пытаньні «НН» адказвае Ігар Чарняўскі, намесьнік кіраўніка Дэпартамэнту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры.

«НН»: Што за работы вядуцца на схіле гары перад Сьвятадухавым саборам?

Ігар Чарняўскі: У Менску, як і ў шмат якіх іншых гарадах і мястэчках Беларусі, актывізавалася добраўпарадкаваньне тэрыторый. Работы на схіле каля Сьвятадухавага сабору — адзін з этапаў мерапрыемстваў такога роду.

«НН»: Хто аўтар гэтага праекту і ці былі альтэрнатыўныя прапановы?

І.Ч.: Замоўцам выступае вытворчае падразьдзяленьне Менгарвыканкаму — «Менскзелянбуд». З двух прэтэндэнтаў на распрацоўку праекту перавага была аддадзена інстытуту «Белпраект». Галоўным архітэктарам праекту зьяўляецца Барыс Косьціч. Падрыхтаваная пад яго кіраўніцтвам дакумэнтацыя была ўзгодненая з навуковым кіраўніком гістарычнага цэнтру Менску Сяргеем Багласавым. Зацьвердзіла яе навукова-мэтадычная рада па пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінкульце.

«НН»: Ствараецца цалкам новы ляндшафт, уводзяцца рознамаштабныя аб’екты, неўласьцівыя гэтаму асяродзьдзю. Ці разглядалася магчымасьць узнаўленьня колішняга ляндшафту (трасы былое вул.Беднага, будынкаў, што там былі, і г.д.)?

І.Ч.: Страчаную забудову колішняй вуліцы Казьмадзям’янаўскай аднавіць праблематычна. Падчас падрыхтоўкі праекту ўлічваліся новыя горадабудаўнічыя рэаліі, што й выклікала патрэбу стварыць умовы ўспрыманьня забудовы Верхняга гораду ў тым выглядзе, у якім яна дайшла да нашага часу: з цалкам раскрытай панарамай, якая ўтвараецца колішнім кляштарам бернардынак, забудовай «малога» і «вялікага» гасьцінных двароў. У праекце ўлічана і пэрспэктыва рэканструкцыі гэтай часткі гістарычнага цэнтру Менску, у выніку якой будзе разьвівацца Духоўна-адукацыйны цэнтар на базе ранейшых кляштарных будынкаў, забудовы па вуліцы Гандлёвай, 27 і двух пакуль няісных дамоў. У праекце прадугледжана таксама і стварэньне ўмоў успрыманьня панарамы гораду, якая распасьціраецца ўздоўж Сьвіслачы.

Праект прынцыпова не мяняе гістарычнага характару гэтай часткі гораду, ня ўносіць нехарактэрных для архітэктуры Менску элемэнтаў і пры любой іншай сытуацыі можа быць рэканструяваны, г.зн. мае зваротны характар, што адпавядае мэтодыцы арганізацыі работ на гістарычных аб’ектах.

«НН»: Выглядае, што Праваслаўная царква прыстасоўвае кавалак у цэнтры ахоўнай зоны пад свае патрэбы.

І.Ч.: Вы маеце на ўвазе Духоўна-адукацыйны цэнтар Беларускага экзархату, cпраектаваны Барысам Косьцічам. Не магу пагадзіцца, што нехта бесьперашкодна «прыстасоўвае пад свае патрэбы» тэрыторыю Верхняга гораду. Ці царква, ці касьцёл, ці суб’екты сьвецкага характару абавязаны кіравацца палажэньнямі заканадаўства. Любы зь іх атрымлівае дазвол на правядзеньне навукова-праектных работ, падае на зацьвярджэньне рэстаўрацыйнае заданьне, затым — архітэктурны праект. У выпадку ж парушэньня заканадаўства вызначаны меры адказнасьці, чым органам аховы спадчыны, дзякуй Богу, займацца даводзіцца нячаста.

«НН»: Былы касьцёл кляштару бэрнардынак, а цяпер сабор Сьвятога Духа, ужо перацярпеў за апошнія паўтара дзясятка гадоў шматлікія зьмены: была разбураная аўтэнтычная агароджа ХVII ст., прыбудаваная хрысьцільня ў мадэрным духу, прабітыя праёмы ў ніжніх ярусах вежаў, на фасадах зьявіліся пярэстыя мазаікі, неўласьцівыя стылістыцы помніка... З кім узгадняліся такія радыкальныя зьмены? Чаму, напрыклад, не аднавіць колішняга абрысу стрэхаў касьцёлу й кляштару бэрнардынак і не пакрыць іх дахоўкаю?

І.Ч.: За апошнія гады роля сабору Сьвятога Духа істотна зьмянілася. Высокі глухі мур некалі адгароджваў кляштар ад гарадзкой забудовы. Цяпер перад саборам іншая горадабудаўнічая сытуацыя. Наўрад ці варта шукаць сувязі з пэўнай канфэсіяй, гаворачы пра прымяненьне нейкіх будаўнічых матэрыялаў. На касьцёле Сымона і Алены керамічная дахоўка гадоў сем назад была замененая на мэталадахоўку. Прычынай гэтаму — найперш якасьць сучаснай керамічнай дахоўкі, якая за кароткі час пачынае разбурацца.

Горш, калі прыменены матэрыял паводле сваіх прыкметаў не адпавядае характару гістарычнага будынку. Да прыкладу, дом №2 на плошчы Свабоды накрыты мэталадахоўкай, якая формаю адпавядае вырабам XVIII ст. А будынак адносіцца да ХІХ ст., калі дахоўка мела іншую форму.

«НН»: За апошняе дзесяцігодзьдзе ў Менску былі разбураныя дзясяткі помнікаў архітэктуры: вул.Замкавая, Дзімітрава, дамы на вул.Вызваленьня, у Верхнім горадзе, на пл.Мясьнікова, старыя карпусы БДУ, сёньня руйнуецца былы дом купца Ахмеда Офлі на вул.Янкі Купалы — сьпіс можна скласьці даўжэзны. У чым прычына?

І.Ч.: Такая канстатацыя выглядае ў немалой ступені эмацыйнай. Гаворачы пра дзясяткі разбураных помнікаў, відаць, неабходна называць дакладныя адрасы.

Тры будынкі на вуліцы Замкавай разбурыліся або іх аварыйныя канструкцыі разабраныя з прычыны нездавальняльнага тэхнічнага стану, на які паўплывала мэтро. Зацьверджана праектная дакумэнтацыя на іх аднаўленьне. Работы ўжо пачаліся. Праблема вуліцы Дзімітрава набыла галоснасьць толькі тады, калі разгарнуліся падзеі вакол будынку №3. Але ж ніхто не апратэставаў цалкам неправавое рашэньне Навукова-мэтадычнай рады 1998 г. аб «непацьвярджэньні статусу» будынкаў 7 і 11 на вул.Дзімітрава. Я на тым пасяджэньні казаў, што тым самым на гэтай гістарычнай вуліцы «пастаўлены крыж». Так яно і стала.

Ніхто ў той час не знайшоў дастатковых аргумэнтаў, каб прымусіць адпаведных службовых асобаў вырашыць справу зь Дзяржаўным сьпісам гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі, які да 2002 г. утрымліваў толькі з паўтысячы тых самых каштоўнасьцяў. Гэта дазваляла ў дачыненьні да аб’ектаў спадчыны прымаць адвольныя рашэньні.

Што тычыцца вул.Мясьнікова або старых карпусоў БДУ, то гэтыя пытаньні варта было ставіць гадоў 10—15 таму.

«НН»: Кампаніі пратэсту супраць зносу капітальнага будынку па вул. Дзімітрава, супраць пабудовы паркінгу на Нямізе ні да чога не прывялі...

І.Ч.: Прапанова аб аднаўленьні забудовы колішняй Нямігі не стасуецца зь міжнароднымі прынцыпамі работы ў старасьвецкім асяродзьдзі, якімі не заахвочваецца гістарычнае муляжаваньне. Нельга ня ўлічваць і эканамічных умоваў. Забудова гістарычнай вуліцы знаходзілася на месцы цяперашняй праезнай часткі, пад «Гандлёвым домам на Нямізе» і шматпавярховым жылым будынкам. Акрамя таго, у гэтай частцы гораду ўзьніклі будынкі Дому мод і інстытуту «Прампраект», зьмянілася ня толькі пляніроўка, але й ляндшафт. Такім чынам, шмат што трэба было б вярнуць назад.

Я хачу запэўніць, што ні на адным з аб’ектаў, на якія сёньня Дэпартамэнт выдае дазволы, ненавуковы падыход ажыцьцёўлены быць ня можа. Гэта не азначае, што ўсё гладка і без праблем. Яны ёсьць, але патрабаваньні для іх вырашэнья зыходзяць з выкананьня нормаў заканадаўства.

Гутарыў Сяргей Харэўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0