Правамерна было б казаць пра загадку Аксаны Новікавай, адзіночкі, якая жыве і змагаецца сама, убаку ад партыяў і рухаў.

Кантраст паміж мілай усьмешлівай Новікавай-суразмоўцай і бескампраміснай, эмацыйнай да гістэрыкі Новікавай-барацьбіткай кідаецца ў вочы. Карэспандэнтка «НН» у гутарцы з спн.Аксанай паспрабавала скласьці разам гэтыя «дзьве душы». Размова пачалася, вядома, з палітыкі.

Аксана Новікава: Любая сучасная дзяржава мусіць імкнуцца да дэмакратызацыі й выкананьня Пакту аб правох чалавека, які Беларусь ратыфікавала. А калі ў краіне парушаюцца правы хоць бы аднае групы насельніцтва і ўрад не нясе за гэта пакараньня, дзяржава пачынае наступ на людзей: а каго можна яшчэ прышчаміць? Мяне гэта абурае.

«НН»: Лягічныя й нармальныя пытаньні, іх тут разумеюць мільёны людзей. Але сядзяць і маўчаць. Чаму менавіта Вы за ўсіх палезьлі на ражон?

А.Н.: Гэта са мной не адразу пачалося. Першым крокам па гэтай дарозе быў учынак Пазьняка, калі ён паклаў камунізму ў 1991 г. вянок з калючага дроту. Мая першая сьвякруха, Сьвятлана Новікава, распавядала мне пра гэта. Яна вельмі сябравала з Пазьняком. Незвычайная асоба. Бліскучы матэматык. На жаль, вядомая больш за мяжою, чым тут. Яна хацела абараняць сваю дысэртацыю з матэматыкі толькі па-беларуску. Працавала ў Акадэміі навук, была блізкая да асяродку супраціву.

Дзякуючы найперш ёй я стала цікавіцца, хадзіць на масавыя акцыі. Асабліва мяне абурыла, калі аднойчы, падчас акцыі на Траецкай горцы ўлетку, улады падагналі гучнамоўнікі й аўтобусы ды сталі заклікаць: «Схадзіце лепш чаю папіце. Або паедзьце адпачніце на Менскае мора. Там гуляньне, мы вам і аўтобусы падамо!» Такое не забываецца. Потым надышоў пэрыяд працы на сябе. Я шмат працавала й не мяшалася ў палітыку.

«НН»: Што Вы рабілі?

А.Н.: Была прыватнай прадпрымальніцай. Гуртовы гандаль. І мела магчымасьць бачыць, што адбываецца ў эканоміцы. Тады эканоміку ой як ціснулі. А гэтае бязьмежжа з курсамі даляра, якіх было шэсьць — для сваіх, для вельмі сваіх і вельмі чужых. Задушэньне дзелавой ініцыятывы, нацыяналізацыя эканомікі — гэта прымусіла мяне пасьлядоўна дзейнічаць у згодзе з сваімі перакананьнямі й інтарэсамі маёй дачкі і маёй краіны.

«НН»: Але чаму Вы абралі шлях самотнай ваўчыцы? Можа, трэба было далучыцца да партыі, прафзьвязу, руху?

А.Н.: Я не хацела абмяжоўваць сябе партыйнымі рамкамі. Партыі ў нас ня могуць пераадолець свае рознагалосьсі.

«НН»: А Вы не баіцёся, што Вас палічаць вар’яткай-адзіночкай або асобай, якая набірае балы для палітычных уцёкаў?

А.Н: Не, не баюся. Я была ў Францыі з 2001 да 2002 году, нарадзіла там дачку й вярнулася. Зьехала я празь непрыемнасьці з уладамі. Пайшла ў 2001 г. на Дзень Волі з плякатам «Свабоду Клімаву!». Я тады была на сёмым месяцы цяжарнасьці. І пачаліся ў мяне праблемы. Я выехала ў Францыю, нарадзіла дачку, пачакала, пакуль тут справа рассмокчацца. І вярнулася. Трэба ў Беларусі зрабіць добра, а ў Францыі яны й самі разьбяруцца.

«НН»: Ваш шлях — грамадзянскае непадпарадкаваньне?

А.Н.: Так. Калі адміністрацыйная камісія прыняла рашэньне аштрафаваць мяне за акцыю на 12 тыс. рублёў, я адмовілася плаціць. Я павінна хадзіць у міліцыю адзначацца, як умоўна асуджаная, але я не хадзіла ані разу. Я не лічу сябе вінаватай і не выконваю незаконных рашэньняў. Пра гэта я напісала ў Камісію ААН па правох чалавека.

«НН»: На інтэрнэт-форуме напісалі: «Новікава спрабуе стаўчы малако лапкамі, але не падазрае, што таўчэцца ў твані». А з твані ж масла не саб’еш?

А.Н.: Людзі ў Беларусі — далёка не балота. Яны тут вельмі розныя. Урэшце, у твані рыба вядзецца.

«НН»: Бесхрыбетныя ўюны, што жыруюць у брудзе?

А.Н.: Але вядуцца. А калі сур’ёзна, я стараюся прымусіць людзей задумацца. Не звычайных людзей, якія мала пра што ведаюць. Я пра моладзь, якая ёсьць пры партыях і грамадзкіх рухах. Я хачу ім давесьці, што ёсьць іншая барацьба, ня толькі ж выбарамі займацца. Выбары — добра, але гэта ня ўсё. Як мы здолеем адстаяць тое, што здабудзем на выбарах, калі ў нас ня будзе досьведу мірнага супраціву? Досьведу непадпарадкаваньня?

«НН»: Калі беларусы небезнадзейныя, дык чаго Вы так адчайна крычыце ў Інтэрнэце: «Дзе вы, нашчадкі Вялікага Княства?»

А.Н.: Правакую. Нашчадкі вялікіх князёў — моцныя й мужныя людзі, і хацелася б іх бачыць як мага болей.

«НН»: Як Вы наважыліся выйсьці зь лёзунгам «Буш, Блэр, вы маеце рацыю»? Бальшыня ж беларусаў не падтрымала вайны ў Іраку.

А.Н.: Дыктатары атрымалі ўрок таго, што яны ня могуць беспакарана рабіць зло ў сваёй краіне. Шкада толькі тых, хто загінуў. Усе павінны заступацца за ўсіх.

«НН»: Раскажыце, калі ласка, пра Вашу дачку.

А.Н.: Яе завуць Рыяна. Бабулю мае маці клікалі Рыяна. Яе маці захаплялася Оскарам Уайльдам. «Рыяна» — вытворнае ад «Дарыяна», Дарыяна Грэя. Так атрымалася, што дачку я гадую сама. Я ёй даю волю і сачу, каб яна не зрабіла шкоды сабе й людзям. Яна адчыняе дзьверы, заходзіць ва ўстановы, азірае іх і выходзіць. Яна можа маляваць на шпалерах. Я чытаю ёй казкі. Гэта вольнае й слухмянае дзіця.

«НН»: Але ж Вы маглі пашкодзіць дзіцяці сваёй дзейнасьцю?

А.Н.: Пашкодзіць ніяк не магла. Яна вырасьце і ня будзе саромецца таго, кім была яе маці. Лукашызм скончыцца, і дзецям шмат якіх чыноўнікаў стане непрыемна. А маёй сорамна ня будзе.

«НН»: Вы ўсьміхаецеся шырока й даверліва ў гутарцы. Чаму Вы такая пахмурная на акцыях, у судох?

А.Н.: Я нармальны чалавек, і мне страшна. У такія моманты не да ўсьмешак — я думаю пра наступствы маіх учынкаў.

«НН»: Вы зазналі фізычны гвалт падчас акцыяў?

А.Н.: Аднойчы мяне арыштавалі вельмі груба. І кідалі груба ў машыну. Гэта было 23 сакавіка 2000 г. падчас Дня Волі на пляцы Якуба Коласа.

Я сапраўды неваяўнічы чалавек. Калі лукашызм сыдзе, я зноў пасьпяхова займуся бізнэсам. А ўвогуле, я люблю ціха сядзець дома й вышываць. Я вышываю абрусы, прасьцірадлы, раблю гафтаванкі.

«НН»: Чаму Вы цяпер ня зоймецеся бізнэсам?

А.Н.: Мне гэтага нельга рабіць пад сваім імем. Мяне зачынілі, бо я падчас цяжарнасьці затрымала квартальную справаздачу аб дзейнасьці. Прыдраліся й зачынілі. Таму цяпер я проста гадую дачку і патроху займаюся грамадзкай дзейнасьцю.

«НН»: Вам 30 гадоў. Як і мне. Вы не баіцёся, што рэжым пратрымаецца акурат да нашае пэнсіі?

А.Н.: Я думаю, не. У Беларусі ёсьць воля й сіла для зьмены сытуацыі.

«НН»: Чаму Вы не гаворыце па-беларуску?

А.Н.: У школе мова й літаратура ішлі факультатыўным прадметам. Я іх ня вывучыла. А сёньня мне ня хочацца крыўляцца на трасянцы. Але я падтрымліваю змаганьне Беларускага ліцэю так, быццам гэта непасрэдна тычыцца мяне. У багацьці формаў адукацыі, плюралізьме — сіла кожнай дзяржавы.

«НН»: Дачку будзеце вучыць Беларушчыне?

А.Н.: Ня ведаю. Хай сама наконт гэтага вырашае. Беларусь можа быць дзьвюхмоўнай, але незалежнай і асобнай. Ёсьць шмат краінаў, дзе моваў некалькі. Тая ж Бэльгія, дзе гавораць на францускай і флямандзкай. Нармалёвая краіна — Бэльгія, «дзе каровы прыгажэйшыя за жанчын».

«НН»: Дапусьцім, сымбаль Бэльгіі — карова. А Беларусі?

А.Н.: Я не шукаю сымбалю Беларусі ў мінуўшчыне. Беларусы ўжо ня тыя, што былі чатырыста, трыста гадоў таму. Тут столькі войнаў пракацілася, гэтулькі крыві сышло й абнавілася! Мы заўжды маладыя. Беларусь для мяне — маладая дзяўчына, што рушыць наперад.

«НН»: Беларусы ня тыя, кажаце Вы. Я якія?

А.Н.: Я думаю пра тое, што нас набліжае да эўрапейцаў, — нашую павальную законапаслухмянасьць. Я думаю і пра тое, што нас аддзяляе ад Эўропы, — нашую павальную агрэсіўнасьць. Я думаю, калі гэтую агрэсію слушна скіраваць, яна й зьмяце рэжым. Добры патэнцыял. Менавіта таму нас увесь час заклінаюць: «Ах, вы талерантныя, ах, вы памяркоўныя!» Але прырода верх возьме.

Гутарыла Сьвятлана Курс

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0