На БТ прынята наракаць: правінцыйнае, савецкае і ўвогуле вельмі мала беларускае.

Можна было чакаць, што пасьля пахаладаньня ў дачыненьнях Пуціна і Лукашэнкі стаўленьне да ўсходняга суседа мусіла б стаць больш крытычным. Але ж не. Па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі гледачоў АТН расейскае: выбары ў Расеі, візыты яе кіраўнікоў — і падаецца ўсё гэта менавіта з расейскага гледзішча. Так, камэнтаваць расейскія выбары на БТ запрашаюць А.Дугіна, які адводзіць Беларусі ролю аднае з цэнтральных правінцый Расеі. А тое, што Сыльвіё Бэрлюсконі падтрымаў дзеяньні расейскае ўлады ў Чачэніі і ў справе Хадаркоўскага, падаецца як значная перамога. Хоць Эўразьвяз тут з італьянскім прэм’ерам не пагадзіўся, і ўвогуле ён лічыцца фігурай скандальнай. Вялікая ўвага надаецца тлумачэньням карысьці ўсяму сьвету ад расейска-кітайскага хаўрусу.

Не забываюцца і пра савецкія атрыбуты. У перадачы «Вакол плянэты» 8 лістапада (адтуль узятыя, дарэчы, і два папярэднія прыклады) вядучы доўга разважае аб сусьветным значэньні рэвалюцыі, калі «наш народ аказваў уплыў на ўсю сусьветную гісторыю» (зноў расеяцэнтрызм). Прыводзіць прыклад Францыі: там, маўляў, шануюць і свайго Напалеона, і свайго Рабэсп’ера. Напалеон — гутарка асобная. А вось Рабэсп’ер — постаць, якая ня вельмі карыстаецца прыхільнасьцю французаў.

Прыемна ўразіла перадача «Адкрыты архіў», прысьвечаная т.зв. «Пісьму беларускага народу вялікаму Сталіну». Тут можна шмат пра што даведацца. Пра тое, напрыклад, як марудна ішоў збор подпісаў і ўладам давялося скарачаць афіцыйную колькасьць падпісантаў з трох да двух мільёнаў. Як зьняволеным успаміналіся радкі пра чорнае мінулае, калі «на абед была нам лебяда», і людзі дзівіліся, як мала ўсё зьмянілася з тых часоў. Літаратуразнаўца Пятро Васючэнка лічыць, што гэты твор прызналі б сваім постмадэрністы. Мастак Яўген Ціхановіч бачыць тут нацыянальную асаблівасьць беларусаў паказваць сябе і сваю краіну не экзотыкай, а творамі мастацтва. Ёсьць і проста гумарыстычныя выпадкі, зьвязаныя з завучваньнем гэтага твору на памяць.

У наступную суботу будзе працяг перадачы. Раю паглядзець яе.

Усяслаў Шатэрнік

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0