На гэтым тыдні шырокі розгалас у вузкіх палітычных колах выклікаў артыкул Алега Багуцкага, разьмешчаны ў Інтэрнэце і растыражаваны дзяржаўнай прэсай.

Палітыкі абураліся прыёмамі, з дапамогаю якіх аўтар бэсьціць усе сілы, што склалі «дэмакратычную пяцёрку». Хто такі Багуцкі?

Ён кіраўнік прапагандысцкай камісіі Народнай грамады. Яму 35 гадоў, ён ураджэнец Полаччыны. У 1990 годзе быў дэпутатам полацкага гарсавету, але што цікава — пад іншым прозьвішчам! Багуцкім ён стаў, калі пераехаў у Менск. Па адукацыі Багуцкі гісторык. Кажуць, што ў пачатку 90-х напісаў кнігу з ганьбаваньнем Уніі, але ён сам гэты факт адмаўляе. У другой палове 90-х ён ужо ўзначальваў выканкам Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады. Станіслаў Шушкевіч яму давяраў, лічыў Багуцкага «даволі адукаваным чалавекам», які, аднак, так і не навучыўся дасканала гаварыць па-беларуску.

Былыя партыйныя паплечнікі Багуцкага згадваюць пра яго як пра «незразумелага чалавека». Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г. Багуцкі працаваў у штабе Сініцына, які выступаў своеасаблівай карыкатурай на дэмакратычных кандыдатаў. А ўжо пры канцы 2001-га з скандалам сышоў у партыю Статкевіча, якога разгромна крытыкаваў трыма гадамі раней. Сыходзячы, Багуцкі падаў у Мінюст сьпіс з трохсот чалавек, якія нібыта разам зь ім выйшлі з БСДГ. Але падчас праверкі выявілася, што сышлі толькі сем чалавек. Зьвесткі на іншых, верагодна, былі ўзятыя з партыйнай кампутарнай базы. У сьпіс «незадаволеных» патрапіла нават жонка Шушкевіча, якая ў базе фігуравала пад іншым прозьвішчам, чаго ня ведаў падатчык.

Расказваюць, што «ў яго шмат злосьці на ўсіх і ўсё».

АТ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0