На гэтым тыднi на сваю фiнiшную прамую выходзiць кампанiя па правядзенню цэнтралiзаванага тэсцiравання: апошнюю кропку ў ёй паставiць цэнтралiзаваны тэст‑экзамен па замежных мовах i хiмii. Мiж iншым, у мiнулыя выхадныя былi абвешчаны вынiкi цэнтралiзаванага тэсцiравання па беларускай i рускай мовах. Прыемнай нечаканасцю сталi тры стобальныя вынiкi па беларускай мове. У кола стобальнiкаў трапiлi выхаванцы гiмназii № 1 г. Чэрвеня, лiцэя ў Крупках i сярэдняй агульнаадукацыйнай школы ў пасёлку Негарэлае. Летась, нагадаем, самым лепшым аказаўся вынiк у 98 тэставых балаў, якiя набралi толькi 2 чалавекi. А ў 2005 годзе галоўную «вяршыню» ў 100 тэставых балаў удалося пакарыць двум удзельнiкам тэсцiравання.

Увогуле высокiх адзнак сёлета набралася багата — 99 тэставых балаў атрымалi на ЦТ па беларускай мове 23 абiтурыенты, 98 балаў — 36 чалавек, 97 балаў — 31 чалавек, 96 балаў — 54 чалавекi i 95 балаў — 82 чалавекi. I ўсё ж такi пераважная колькасць удзельнiкаў тэсцiравання апынулiся ў дыяпазоне ад 40 да 46 балаў, а 14 балаў i менш, якiя не дазваляюць удзельнiчаць у конкурсе, атрымалi 7 працэнтаў ад агульнай колькасцi прайшоўшых тэсцiраванне.

На цэнтралiзаваным тэсцiраваннi па рускай мове 100 балаў набралi толькi два абiтурыенты (летась максiмальных вынiкаў было чатыры). На 99 балах «спынiлiся» 22 чалавекi. 41 чалавек набраў 98 тэставых балаў, 71 чалавек — 97 балаў, 95 чалавек — 96 балаў i 165 чалавек — 95 балаў. Не вытрымалi выпрабаванняў (набралi 14 балаў i менш) 4 працэнты ад агульнай колькасцi ўдзельнiкаў цэнтралiзаванага тэсцiравання па рускай мове.

Паводле: Надзея Нiкалаева, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0