20 лістапада 2003

Захады Эўракамісіі супраць Беларусі

Эўракамісія не павялічыць беларускіх квотаў на экспарт тэкстылю ў Эўразьвяз. Брусэль тлумачыць гэта парушэньнямі дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. ЭЗ вядзе кансультацыі зь Менскам толькі пра падаўжэньне старога пагадненьня. Штогод у Эўразьвяз прадаецца беларускіх тэкстыльных вырабаў на 120 млн даляраў, а экспартны патэнцыял складае 180 млн. Тэкстыль — другі найбуйнейшы артыкул беларускага экспарту ў ЭЗ пасьля калійных угнаеньняў.

Мільён мабільнікаў

Апэратары сотавай сувязі дэкляруюць, што колькасьць абанэнтаў сувязі перавысіла мільён. 600 тысячаў абанэнтаў мае «Вэлкам», 380 — у «МТС» і з 20 тысячамі ў аўтсайдэрах застаецца «Белсел». Аглядальнікі мяркуюць, што гэтыя лічбы могуць быць у некаторай ступені завышанымі.

Рост інфляцыі

У кастрычніку падскочылі тэмпы інфляцыі. З пачатку году цэны ўзьняліся ўжо на 20,6%. Для параўнаньня: інфляцыя ў зоне эўра за 10 месяцаў склала 1,6%.

«Фіят Панда» — машына году

Новы «Фіят Панда» прызнаны эўрапейскім «Аўтамабілем-2004», абвесьціла журы з 58 журналістаў буйных эўрапейскіх аўтавыданьняў. Другое месца падзялілі «Maздa-3» i новы «Фальксваген-Гольф-V».

Эўрапейскія аўтавытворцы перажываюць ня лепшыя часы. За 10 месяцаў на дарогі Эўропы выехала 12 млн 188 тыс. новых аўто, што на 1,3% менш, чым летась. Толькі карэйскія і японскія фірмы павялічылі свае продажы адпаведна на 18,9% (да 399 тыс. машын) і на 8% (да 1,55 млн машын).

«СЭР» за зьмены Падатковага кодэксу

Дэпутацкая група «Спрыяньне эканамічнаму разьвіцьцю» прапануе высьветліць, ці адпавядаюць Канстытуцыі асобныя палажэньні Падатковага кодэксу. Самы спрэчны пункт дакумэнту — прымусовае адчужэньне маёмасьці падаткаплатніка па рашэньні падатковага органу ў выпадку, калі ёсьць запазычанасьць за падаткі. Дэпутаты мяркуюць, што адчужэньне ня можа ажыцьцяўляцца ў пазасудовым парадку. Каб дэпутацкі запыт быў накіраваны ў Канстытуцыйны суд, за яго мусіць прагаласаваць большасьць парлямэнтароў. Шанцаў на гэта няшмат.

Купляй сваё

Урад абавязаў гандлёвыя прадпрыемствы мець у агульным аб’ёме таваразвароту ня менш за 70% тавараў айчыннай вытворчасьці. Патрабаваньне датычыць крамаў, якія знаходзяцца пад крылом Мінгандлю, Белкаапсаюзу і выканкамаў.

Кампэнсацыі за заходнебеларускую маёмасьць

Паводле рашэньня польскага Сойму, «забужане», г.зн. грамадзяне Польшчы, што страцілі нерухомасьць у Заходняй Беларусі й Украіне пасьля другой сусьветнай вайны, маюць права на кампэнсацыі ў памеры 15% ад кошту нерухомасьці, але ня больш за 50 тыс. злотых (13 тыс. даляраў). Гэтая квота будзе ім залічвацца на рахунак купленай у дзяржавы нерухомасьці. Права на кампэнсацыі маюць тыя, хто жыў на тэрыторыях, што належалі да Польшчы, на момант 1 верасьня 1939 г., мае цяпер польскае грамадзянства і пражывае ў Польшчы стала.

МБ; БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0