14 лістапада на Ветрыншчыне (Полацкі раён) адкрылі адразу два мэмарыяльныя знакі.

Чарговы раз ініцыятарам ушанаваньня памяці славутых землякоў выступіў мясцовы краязнаўца Віктар Карасёў. Два шматтонныя валуны з мэмарыяльнымі шыльдамі зьявіліся на месцы былога маёнтку (побач зь вёскай Дуброўкай), у якім нарадзілася першая жанчына-геоляг Беларусі і тагачаснай Расейскай імпэрыі Ганна Місуна, і ў самім Ветрыне, на вуліцы, якая цяпер носіць яе імя. Працуючы ў архівах, В.Карасёў знайшоў матэрыялы, якія даводзяць, што Місуна паходзіць зь Ветрыншчыны, а ня з Чашніцкага раёну, як пазначана ў большасьці энцыкляпэдыяў.

Ганна Місуна нарадзілася 12 лістапада 1868 г. у сям’і зьбяднелае шляхты — Баляслава-Казімера і Марыі-Ганны Місунаў. Спачатку вучылася ў хатняга настаўніка, пасьля — прыватная гімназія ў Рызе, вучоба ў Маскве. З 1906 г. Ганна робіцца асыстэнткаю пры геалягічным кабінэце Вышэйшых жаночых курсаў. Вынікам першых палявых дасьледаваньняў жанчыны-геоляга сталася праца «Матэрыялы да вывучэньня канцавых марэн Літоўскага краю». Місуна вывучала геалёгію цэнтральнай і заходняй Беларусі, высьветліла стратыграфію ледавіковых адкладаў і выявіла сярод чацьвярцічных утварэньняў сьляды некалькіх зьледзяненьняў. Завершыўся жыцьцёвы шлях Ганны Місуны ў 1922 г. у Маскве, дзе яна і пахаваная на Новадзявочых могілках.

У мерапрыемствах па адкрыцьці мэмарыяльных знакаў узялі ўдзел супрацоўнікі Інстытуту геалёгіі Акадэміі навук.

Васіль Кроква

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0