У працоўнай кніжцы Марціна Гайдэгера быў ганебны запіс: «1933—34 г. — рэктар Фрайбурскага ўнівэрсытэту».

Гер Марцін ніколі ня быў нацыстам. Не складаў праскрыпцыйных лістоў на студэнтаў, застуканых у час лекцый у туалеце за рытуалам абразаньня. Не патрабаваў ад філфакаўцаў кагалам уступіць у Гітлерюгенд, калі яны жадаюць здаць зімовую сэсію. Не выганяў інтэрнаты датэрмінова галасаваць на рэфэрэндуме аб ненападзе паміж Нямеччынай і Рэспублікай Тува.

Гайдэгер ціха трымаў у кабінэце павуковы штандар і засьвяціўся на фота зь нейкім групэнбрыгадэнунтэрфюрэрам падчас нейкага прахаднога мерапрыемства.

Нягледзячы на гэта, пасьля вайны дэмакратычная публіка доўга шарахалася ад «скінгеда Гайдэгера». Урэшце яму даравалі, лягічна разважыўшы, што адкрыцьцё фэнамэналягічнага кірунку ў экзыстэнцыялізьме пераважвае памылкі маладосьці.

Уся гэта байка да пытаньня, што рабіць з былым рэктарам БДУ — сп.Казуліным. У часы сваёй кадэнцыі ён падпісваў вымовы студэнтам — ўдзельнікам акцый апазыцыі, дапамагаў мукамолу ладзіць рэкруцкі набор, заганяў студэнтаў на ліпавыя выбары. Аднак у кантэксьце новай палітычнай каньюнктуры правыя вырашылі сьпісаць Казуліну ўсе грахі. Нават замах рэктара на маёмасьць клоўна Рональда — самы страшны ўчынак паводле лібэральных раскладаў, які здольны зрабіць народжаны ад жанчыны.

Герольды лібэральнай прэсы ў адзін голас называюць Казуліна «интеллектуалом западного типа, способным организатором и либерально настроенным человеком». Лібэральнасьць зьвязаная з наступнымі дасягненьнямі Казуліна: радыё «Юністар», дызайн гербу БДУ, гонкі на матацыкле, элегантны фрак і нават «фирменные бланки сомнительного качества, но на хорошей бумаге».

Сьмешна, спадары дэмакраты. Вунь Лукашэнка тры тэлеканалы скляпаў. Дык што, яго таксама называць «интеллектуалом западного типа»? Калі ўжо рабіць з Казуліна херувіма, дык рабіць творча. Чаму не пусьціць мульку, што ён поруч з К’еркегорам, Ніцшэ, Бадлерам і Прустам зрабіў вялізную інвэстыцыю ў разьвіцьцё фэнамэналёгіі. Вось як прыкладна мог бы выглядаць казулінскі лубок у зборніку «Хто ёсьць хто сярод самых-самых дэмакратычных дэмакратаў Беларусі».

«Быцьцё Казуліна ў фатэлі рэктара БДУ ня мае нічога супольнага з траекторыяй шэрай бюракратычнай манады. Уся яго практыка імліцыявалася глябальным пытаньнем аб сэнсе жыцьця асобы і ўнутранай аўтаноміі. Для таго, каб прыцягнуць увагу студэнтаў да праблемы існага, Казулін мадыфікаваў прысутнасьць студэнтаў у БДУ як сродак актуалізацыі асобы. У гэтым яму дапамагла філязофская катэгорыя жаху. У БДУ зьявілася ахова, удзельнікаў акцый шантажавалі выключеньнем, стаў больш жорсткім рэжым наведваньняў лекцый... Экстазысная тэмпаральнасьць дасягалася за кошт вызваленьня ад такой прымітыўнай самарэфэрэнтнасьці, як спажываньне гамбургераў. Трансьляваўшая безьлічную колькасьць раз песьню «Подождем тваю мать!», казулінскае радыё папулярызавала ў студэнцкіх колах тэзу аб несуадноснасьці часу і прысутнасьці. Апошнім нерэалізаваным праектам беларускага Бадлера было прымусовае ўвядзеньне картак ID і сыстэмы кампутарнага кантролю — мэтафізычны сродак катарсысу, які павінен праходзіць кожны студэнт пры ўваходзе ў альма-матэр. Кажучы «Я чалавек прэзыдэнта», рэктар казаў аб іншым, аб быцьці зь іншымі (Mit-sein)...» Ну і гэтак далей.

Вось як павінна выглядаць індульгенцыя для былога лукашыста. Гэта вам не «язда на матацыкле». З такой біяграфіяй Казуліну хоць зараз у адзіныя кандыдаты ад апазыцыі.

Лёлік Ушкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0