P.L.A.N., 2003

«Мне ўжо 55 гадоў, а так шмат трэба зрабіць», — шчыра прызнаецца Андрэй Плясанаў, лідэр гурту «P.L.A.N.». Таму працуе музыка рупліва, як кажуць, душы паслухбючы, ужо другі альбом выдае сёлета. Выхад плыткі ледзь ня быў сарваны: кіраўнікі піўзаводу «Аліварыя» літаральна ў апоші момант адмовіліся фундаваць альбом. У песьнях «Маё пакаленьне» (рэмікс) і «Ой, Дуся, Дуся» кіраўніцтва бровару ўгледзела «палітыку».

Пачынаецца альбом зь вясёлага закліку рабіць дзетак, ды «ня проста дзетак, а беларусаў» («Ой, Дуся, Дуся»), у «Тосьце пакрадзеных сьвятаў» робіцца спроба патлумачыць алькагалізм беларуса, які п’е за ўсе праявы жыцьця, «за тое, што збылося й не збылося». У песьні «Любоў важней за нянавісьць» (на верш Сяргея Законьнікава) выяўляецца мэта творчасьці Плясанава: «Я пяю ня проста каб народ забаўляці, а каб нешта ў душы абудзіці тваёй». Вядома ж, не абышлося без клясычнага рок-н-ролу: песьня «Rock and roll шанец» — гэткая мяшанка з тэкстаў Чака Бэры й Майка Навуменкі з дамешкам сваіх словаў — можа добра зарадзіць энэргіяй з раніцы.

З электрычнага гучаньня калі-нікалі музыкі пераходзяць у акустыку, гітарныя сола набылі новыя фарбы. Апошняе можна патлумачыць удзелам у запісе гітарыста Андрэя Дзяменцьева з групы «Калі Юга». Плясанаў ужо рыхтуе новы альбом, гэтым разам сольны, пад назвай «Пясэнкі саматнэга беларусіна», дзе будуць песьні як па-польску, так і па-беларуску.

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0