Якія пральныя парашкі набываць? Ці прапарцыйна залежыць цана парашкоў ад якасьці? Ці верыць рэкляме? Кіпяціць — не кіпяціць? Чытачы «НН» атрымаюць найбольш поўны, заснаваны на практычным выпрабаваньні адказ. Думка наладзіць параўнальны тэст пральных парашкоў наведала мяне пасьля набыцьця прыстойнай пральнай машыны. Першыя тыдні пралка круціла дзень і ноч: па-першае, маем малое дзіцятка, па-другое, гаспадыньцы маёй на радасьцях захацелася перамыць усе рэчы ў доме, ажно да мяккіх цацак і коўдраў.

Пасьля вэжканьня з малагабарытнай «Марай» мала якая жанчынка не зазіхціць ад шчасьця, пабачыўшы, як спраўна пярэ, палошча ды сушыць які-небудзь моцны й разумны «швэд» або «немец» (а для патрыётаў ва ўсім — мянчук атлянтаўскага целаскладу).

Парашкі я купляў кардоннымі пачкамі: цана ў пераводзе на рублі за грам паміж малым пачкам і эканом-торбай розьніцца, але хацелася паспрабаваць як мага больш усяго, каб мець уласнае ўяўленьне. Штосьці раілі прадавачкі, пра штосьці добра адгукалася цешча, штосьці вабіла цаною, а дзесьці й рэкляма спрацавала.

Сем аўтаматаў

Першымі ў мой чорны сьпіс трапілі супэртанныя расейскія «Радуга» й «Сорти». Яны не адмывалі нават сьлядоў ад кашак і какашак зь дзіцячых рэчаў. З гэтай прычыны «Зифа», «Пемос», «Дени» ды процьма іншых расейскіх народных марак па 800—900 руб. за паўкілі ў мой тэст не патрапілі. А патрапіла вось што (у альфабэтным парадку):

1. «Ariel», «Procter & Gamble», АК «Новамаскоўскбытхім», Расея;

2. «Bingo», «Hayat chemical industry Inc. Co.», Турцыя;

3. «Бія», УП «Бархім», Беларусь;

4. «Dosia», «Reckitt Benckiser (Poland) S.A.», Польшча;

5. «E», «PZ Cussons Polska S.A.», Польшча;

6. «Persil», ТАА «Хенкель Ужгород», Украіна;

7. «Tide», «Procter & Gamble», АК «Новамаскоўскбытхім», Расея.

«Ariel» і «Tide» прадавачкі называлі самымі хадавымі. У пяцёрку хадавых, зь іх словаў, трапілі таксама «Dosia», «E» і «Bingo». Першыя чатыры маркі істотна дасталі тэлегледачоў з блакітных экранаў — вось іх і купляюць. А «Bingo», рэклямы якога я не сустракаў, вабіць цаною.

Дзеля справядлівасьці й любові да радзімы давялося ўключыць у тэст баранавіцкі «Бія-аўтамат» (усе тэставаныя парашкі прызначаныя для аўтаматычных пральных машын; яны адрозьніваюцца ад парашкоў для ручнога праньня абмежаваным пенаўтварэньнем і на 10—15% даражэйшыя). Ну, і на катэгарычнае сьцьверджаньне сябрука, які кажа, што ўжо пяць гадоў купляе толькі «Persil», набыў я й пачак «Пэрсылю».

Каб хто дапамог грашыма, можна было б размахнуцца й выпрабаваць яшчэ сёе-тое: «Omo», «Ixi», «Bonux», «Vizir», «Lanza», але фірмы, якія вырабляюць гэтыя парашкі, прадстаўленыя ў нашым тэсьце.

Возьмем калькулятар і вызначым, што з тэставанага колькі каштуе на вагу. Закупы (акрамя «Бія») рабіліся ў гандлёвым цэнтры «Імпульс», што ля Камароўкі ў Менску (у крамах звычайна працэнтаў на 10 даражэй), цэны на 23 лістапада. Бюджэтны рэйтынг — у табліцы справа.

Калі з цаною на вагу разабрацца лёгка з дапамогаю калькулятара, дык з нормай прадукцыйнасьці цяжэй і бяз вагаў не абысьціся: адны вытворцы пазначаюць прадукцыйнасьць у мілілітрах, другія — у грамах. Пасьля доўгіх перамераў я прыйшоў да высновы, што прадукцыйнасьць усіх парашкоў роўная 100 г на 4—5 кг сярэднябруднай бялізны (поўная загрузка пралкі). А надпісы на пачках — спробы заблытаць спажыўца, каб ён болей сыпаў і, адпаведна, часьцей купляў. Звычайная гаспадыня ня будзе шукаць аптэкарскіх вагаў, перш чым пачаць праць, таму для тэсту я вырашыў кіравацца аб’ёмным адмерам і адсыпаў, скарыстаўшы мерку для дзіцячага харчаваньня, роўна па 50 мл ад кожнага з парашкоў.

Сам працэс

Я дастаў з шафы сваю старую, калісьці белую, сынтэтычную футболку і, каўтаючы сьлёзы, парэзаў. Жонка тым часам рэзала сьнежную баваўняную прасьціну. Сем кавалачкаў баваўнянай тканіны памерам 10 на 13 см былі папарна сшытыя зь сямю такога ж памеру кавалачкамі тканіны з поліакрылавых нітак (ПАН) і падпісаныя нумарамі, каб не паблытаць.

Самы цікавы і месцамі апэтытны працэс — узорнае забруджваньне. Было ўзята адзінаццаць відаў забруджвальнікаў: бурачны сок, кава (распушчальная), сьвіны тлушч (смажылі скваркі), гарбата, алей, парэчкавае віно, соевы соўс, шарыкавая асадка, чакаляда, вадастойкі маркер і крэм для абутку. Пасьлядоўна, пасамі ўпоперак анучак, раўнамерна паўз натуральную і штучную тканіну, забруджвальнікі былі нанесеныя, акрамя асадкі й флямастэра, тонкім пэндзлікам.

Праграма праньня была абраная простая: загрузка — 1/4, працягласьць — 60 хв., тэмпэратура — 60оС, паласканьне, адцісканьне.

Што і як ацэньвалася

1. Эфэктыўнасьць мыцьця ацэньвалася па чатырохбальнай шкале: 1 бал — амаль не адмылася, 2 балы — адмылася слабавата, 3 балы — адмылася здавальняюча, 4 балы — адмылася цалкам.

2. Адбельваньне. Па двухбальнай сыстэме аценьвалася ступень беласьці папраных з рознымі парашкамі анучак: 1 — добра белае, 2 — выдатна белае.

3. Пахкасьць. Па трохбальнай шкале была вызначаная інтэнсіўнасьць паху розных парашкоў. Камусьці падабаецца, каб папраныя рэчы пахлі моцна, хтосьці пакутуе на алергію, таму няхай чытачы самі вызначаюць, што лепш: 1 бал — невыразны пах, 2 — пахне ладна, 3 — пахне моцна. Парфумэрныя кампазыцыі розныя вытворцы выкарыстоўваюць дужа падобныя: усё ў цытрусавых, яблычных і сьвежатраўных матывах. Хіба што ў «Арыэлю» пах «маднейшы» й пазнавальны.

Вынікі тэсту зьведзеныя ў рэйтынг якасьці (табл. унізе).

Такім чынам

Самыя дарагія парашкі ня вартыя сваёй цаны. Бо, паводле здольнасьці адмываць, месцамі саступаюць недарагім. А варыянт «сярэдзіны», калі пакупнік бярэ ня самае дарагое, але й ня самае таннае, рацыйны адно ў выпадку з турэцкім «Bingo».

Браты-палякі вырабляюць нешта-нейкае; ажно няёмка за NATO з гэтай нагоды. Зрэшты, гвалтам купляць «Досю» і «E» ніхто не прымушае; тавар разьлічаны на тых, хто, абіраючы коштавую сярэдзіну, эканоміць нерадыкальна. «Dosia», да таго ж, даволі моцна пахне, а на «E» напісана: 10% бясплатна. Хлусьня, а прыемна.

Супэртанны айчынны парашок «Бія» даў рады тлушчу і алею лепш за ўсіх астатніх (відаць, распрацаваны быў з улікам традыцыйнага рацыёну беларусаў), а хвалёны «Tide Fairy effect» па гэтым парамэтры выглядае найгорш.

Дарэчы, беларусы аказаліся спрытнымі яшчэ ў адным аспэкце: бачыў у крамах беларускі парашок «Віндо» з дызайнам упакоўкі, цалкам стылізаваным пад турэцкі «Bingo». А замест «Calgon» тыя, хто верыць у цуд выратаваньня награвальных элемэнтаў, можа сыпаць у пралку ўтрая таньнейшы гарадзенскі «Algon» (без акуляраў пачак «Калгону» ад пачку «Алгону» не адрозьніш).

Малавядомы ў нас «Bingo», удвая таньнейшы за «Ariel», лепей за славутага канкурэнта адмывае тлушч, а саступае яму ў вымываньні толькі тых забруджвальнікаў, зьнішчыць якія без кіпячэньня ці адмысловых хімічных сродкаў усё адно няма як — шарыкавай асадкі, маркера і абутковага крэму.

Туркі, падзяліўшы з расейцамі першае месца ў рэйтынгу якасьці, зь неверагодным адрывам выйграюць у бюджэтным рэйтынгу, а значыць, становяцца лідэрамі нашага тэсту.

Прадукцыя турэцкага канцэрну «Hayat» (акрамя «Bingo», гэта тавары пад маркамі «Test», «Molfix», «Molped»), паводле дадзеных з Інтэрнэту, займае 8,5% расейскага рынку мыйных і гігіенічных сродкаў. На жаль, статыстычных зьвестак па іншых краінах знайсьці не ўдалося, але «Hayat» мае збыт і ў краінах Усходняй Эўропы, і ў Нямеччыне. Так што іх малавядомасьць у нас можна патлумачыць эканоміяй на рэкляме.

Тэст пацьвярджае: па-першае, ня вер рэкляме, пакуль сам не пераканаешся ў якасьці прадукту; па-другое, ня ўсё дарагое — якаснае; і, па-трэцяе, сярод разнастайнае рынкавае прапановы заўсёды знойдзецца непрыкметная «цёмная кабылка», паставіўшы на якую, атрымаеш выйгрыш у сямейным бюджэце.

Трохкіляграмовы пачак «Bingo» за 8500 руб. — мой выбар і мая стаўка да наступнага выпрабаваньня.

Сустрэнемся праз год!

Вадзім Карцаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0