Якія зьмены ў канстытуцыю можа ўнесьці паслухмяная Дума? Неафіцыйна абмяркоўваюцца два варыянты падаўжэньня тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Уладзімера Пуціна. Або тэрмін будзе павялічаны з чатырох да сямі гадоў. Або будзе скасаванае абмежаваньне паўнамоцтваў двума тэрмінамі. У наступныя два гады можа ажыцьцявіцца і яшчэ адна канстытуцыйная рэформа. Мэта магчымае адміністрацыйнае рэформы — дасягненьне лепшае кіраванасьці краінай і кантроль за прыбыткамі ад продажу сыравіны. Існуюць два праекты такое рэформы.

Паводле аднаго зь іх, 88 суб’ектаў фэдэрацыі будуць замененыя 15 губэрнямі, як у царскія часы. Зьнікнуць нацыянальныя аўтаноміі — Татарстан, Башкартастан, Чувашыя. Губэрнатары будуць не абірацца, а прызначацца Крамлём.

Другі праект яшчэ больш наватарскі. Ён прадугледжвае падзел краіны на восем фэдэральных акругаў. Сем зь іх ужо існуе, яшчэ адна можа расьцягнуцца ад Нарвэгіі да Ахоцкага мора і злучыць усе паўночныя тэрыторыі, найбольш багатыя на паклады карысных выкапняў. Гэтая «экстрэмальная акруга» будзе падпарадкаваная непасрэдна Крамлю.

Абодва праекты прадугледжваюць пазбаўленьне губэрнатараў кантролю за продажам сыравіны. Вырашыцца таксама пытаньне кампаній, што твораць у дробных рэгіёнах своеасаблівыя «дзяржавы ў дзяржаве».

Небясьпечны сындром

Грамадзяне Расеі, што жывуць у Беларусі, прагаласавалі за палітычныя сілы, якія выступаюць за ліквідацыю беларускае дзяржаўнасьці .

Па сваіх пахабнасьці, цынізьме й хамстве гэтыя выбары не саступалі рэкляме расейскіх вытворцаў піва. Узровень палітычнае палемікі ўпаў да зямлі.

Для бальшыні паспалітага тутэйшага люду ўсё, што адбывалася ў расейскіх мэдыях, — атракцыён. Разобраться, посадить, расстрелять...

Расея чарговы раз пацьвердзіла свой вобраз, што складаўся стагодзьдзямі ў вачох Эўропы: простыя адказы на самыя складаныя пытаньні, уніканьне адказнасьці, нянавісьць да ўсяго незразумелага, плебейскія зайздрасьць і жорсткасьць. З тых груповак, што перамаглі цяпер у Расеі, ніводная ня клікала ў Эўропу, з путаў на свабоду, зь цемры да сьвятла... Наадварот, абяцалі сьмяротныя прысуды, абяцалі «ўсё падзяліць», абяцалі расправіцца з багатымі. Абяцалі амаль тое, што даўна праверана ў Беларусі. І не спрацавала.

Бясконцая вайна на Каўказе, тэрарызм, жахлівая сацыяльная няроўнасьць... Тое, што замерзлая, напаўгалодная, зьняважаная Расея галасуе гэтак, а ня йнакш, ня дзіва. Дзівіць тое, што прыкладна гэткім самым чынам, як і ў Расеі, разьмеркаваліся галасы расейскіх грамадзянаў, што жывуць у Беларусі. Адзінае адрозьненьне — вышэйшы, чым у Расеі, рэйтынг «Радзімы». Гэта тлумачыца эфэктам тэлебачаньня, што падае маладжавы вобраз самаўпэўненай двойкі Глазьева й Рагозіна, і малым уплывам расейскага друку, дзе ёсьць хоць нейкая аналітыка. Бо тэлевізар глядзяць усе, а расейскую прэсу ў Беларусі не паўсюль знойдзеш, дый дарагая яна.

Напрошваецца абагульненьне: для расейцаў на Ўсходзе і расейцам у Беларусі куды важнейшы імідж палітыка, чым сутнасьць ягоных плянаў і справаў. Расейцы, што там, што тут, аддаюць перавагу безапэляцыйным заявам і лёзунгам, прамоўленым у катэгарычнай і агрэсіўнай форме.

Чаго ж бракуе беларускім расейцам? Адкуль тут набралася столькі пратэставага электарату? Ня мерзнуць жа, не сядзяць безь сьвятла. Улічваючы, што сацыяльныя праблемы для расейскіх грамадзянаў у Беларусі не на першым месцы, варта меркаваць, што ім даспадобы прыйшліся акурат нацыяналістычныя лёзунгі. Усе чатыры палітычныя сілы, што выйшлі лідэрамі на расейскіх выбарах у Беларусі, — адназначныя прыхільнікі ліквідацыі беларускае дзяржаўнасьці. Вынікае, што грамадзяне Расеі, што жывуць у Беларусі, прагаласавалі за далучэньне да Расеі. Як тыя Ямелі на печы, яны хочуць, нікуды ня кратаючыся, апынуцца ў суседняй дзяржаве.

Hебясьпечны сындром. Сваёй аднадушнасьцю расейскія выбаршчыкі ў Беларусі прадэманстравалі беларусам, што нашая дзяржаўнасьць для іх — усё яшчэ часовая прыкрая акалічнасьць. Дарэчы, сярод расейцаў Эстоніі ці Ўкраіны працэнт галасоў за «Радзіму» й Жырыноўскага быў яшчэ вышэйшы.

Пры такіх сымпатыях ня дзіва, што па аднамандатнай акрузе беларускія расейцы галасавалі за Ўладзімера Брынцалава, родам з Каўказу, скандальна славутага «новага рускага», клясычнага нуварыша, які скалаціў капітал на гандлі лекамі. У палітыцы ён зьдзейсьніў не адзін круты віраж, пачынаючы ад членства ў КПСС, праз розныя выбарчыя блёкі ажно да стварэньня ўласнай «Расейскай сацыялістычнай партыі», з усё тым жа прысмакам вялікадзяржаўніцтва.

Перад намі паўстала старая Расея, што адрынула ўсе тыя каштоўнасьці лібэралізму й дэмакратыі, якія паўтара дзясятка гадоў спрабавалі там прышчапіць.

Таму й супадаюць цяпер ацэнкі беларускіх аналітыкаў. Незалежна ад іхнага дачыненьня да паноўнага ў Менску рэжыму. Ілюзіяў не засталося.

Сяргей Харэўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0