Дарослыя, зірнеце, калі ласка, на шапкі сваіх сыноў і дачок.

Гэтая міленькая расьліна, намаляваная на галаўных уборах, зусім не канадзкі кляновы лісточак. Гэта каноплі. Ясна, што ня ўсе дзеці будуць іх спажываць, але сытуацыя сымптаматычная. Вакол канопляў нагнятаецца штучны ажыятаж. Апроч выяваў на кепках можна пабачыць адмысловыя значкі, завушніцы, аздобы на нос. Пра «траву» гаворыць уся моладзь. У некаторых школах для старшаклясьнікаў няма пытаньня, што ўжыць для рэляксацыі — піва ці гарэлку. Пытаньне «гарэлка ці каноплі» зрабілася больш актуальным.

Актыўнага інфармацыйнага супрацьстаяньня новай «модзе» не відно. А ў братоў-украінцаў ужо колькі гадоў вядзецца адпаведная кампанія. У Беларусі ж асобныя сацыяльныя ролікі аб шкодзе наркотыкаў губляюцца ў плыні рэклямы пральных парашкоў, курыных кубікаў, ультратонкіх пракладак і чупа-чупсаў на кожны дзень.

Сяргей Балахонаў, Гомель

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0