Лукашэнка падае. Апытаньне пацьвердзіла, што адмоўны рэйтынг Лукашэнкі высокі. Ён на 18 пунктаў перавышае ягоны станоўчы рэйтынг. З 24% галасоў пры закрытым пытаньні гэтая лічба зьніжаецца да 9% пры адкрытым пытаньні «За каго б Вы прагаласавалі, калі б прэзыдэнцкія выбары адбываліся сёньня?» ў паралельным апытаньні «Люстэрка». Прычым гэтага палітыка многія не прымаюць настолькі, што ў пяці анкетніках адкрытага апытаньня было напісана «Хто заўгодна, толькі не Лукашэнка».
Давер да інтэлігенцыі
Дзеля параўнаньня, да сьпісу палітыкаў мы дадалі некалькі эмблематычных грамадзкіх дзеячоў. Вынікі ўзрушаюць. Аказалася, што людзі культуры выклікаюць нашмат большы давер грамадзтва, чым кадравыя палітыкі. Гэтак, 67-гадовы Генадзь Бураўкін на роўных змагаўся б з А.Лукашэнкам. У гэтым кантэксьце цікава, колькі ж грамадзкіх дзеячоў мы пабачым поруч з палітыкамі ў выбарчых сьпісах апазыцыі.
Трэба адзначыць, што ў апытальніках усе прозьвішчы, у тым ліку і кіраўнікоў партый, ішлі без пазнакі партыйнай прыналежнасьці.
Беларускую грамадзкую думку часта называюць ірацыянальнай і сьляпой. У тым, што гэта ня так, можа пераканацца лідэр «Зубра» Ўладзімер Кабец. Ён толькі нядаўна ўвайшоў у публічную палітыку, і ягонага прозьвішча проста ня ведаюць. Вось ён і набраў толькі галасы, якія можна характарызаваць як «супраць усіх» (а такіх, дарэчы, незвычайна шмат, каля пятае часткі).
Эфэкт прысутнасьці
З партыйных лідэраў новае хвалі найбольшую папулярнасьць у сталіцы мае старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка. Гэта для кагосьці нечакана, але лёгка знаходзіць вытлумачэньне. Ён пасьлядоўны палітык, яго імя даўно на слыху, асацыюецца з найвядомейшай апазыцыйнай партыяй, не было зьвязана з скандаламі.
Апытаньне яшчэ раз пацьвердзіла, што толькі доўгія гады прысутнасьці на палітычнай арэне даюць пазнавальнасьць. Прынамсі, ва ўмовах недаразьвітасьці сыстэмы СМІ. Нягледзячы на год актыўнае дзейнасьці, не ўдалося стаць пэрсанальна вядомымі дэпутатам Фралову й Парфяновічу. І гэта ў сталіцы. У рэгіёнах, мусіць, справы стаяць яшчэ горш.
Тое самае можна сказаць і пра лукашэнкаўцаў (Папоў, Канаплёў, Касьцян), але гэтыя хлопцы ня ў Менску будуць выбірацца і не на вядомасьць разьлічваюць.
Умацоўваюцца незалежніцкія настроі
Якія шчэ тэндэнцыі ў грамадзкай думцы? Сьведчаць іншыя вынікі, агучаныя службай «Люстэрка». Абсалютная большасьць жыхароў сталіцы па-ранейшаму выказваецца супраць зьменаў у Канстытуцыю, якія б дазволілі Лукашэнку абірацца на трэці тэрмін (51% супраць, 13% за). Адбыўся пералом і ў стаўленьні да інтэграцыі з Расеяй. Упершыню колькасьць прыхільнікаў незалежнасьці перавысіла колькасьць прыхільнікаў яднаньня з Расеяй (37% супраць 35%).
Сыстэма пад пагрозай
Няма ніводнага беларускага палітыка, чый станоўчы рэйтынг перавышаў бы нэгатыўны. За мяжой такое немагчыма. Гэта знак поўнага няведаньня грамадзянамі палітыкаў, недаверу да іх і нецікавасьці імі, незалежна ад іх палітычнае масьці. Пры такой сытуацыі ўзьдзеяньне звонку, з Расеі, пры пэўных умовах пагражае дзейнай палітычнай сыстэме мэтамарфозамі ці нават крызысам.
Прычына такога становішча — несвабода СМІ. Практычна манаполія на інфармацыю — у руках дзяржавы. Пры гэтым несвабодныя ўрадавыя СМІ па вызначэньні ня могуць забясьпечыць плюралізму, якасьці, цікавасьці інфармацыі. У выніку выбарцы татальна ня ведаюць і ня вераць. Прыбяры Лукашэнку — і зазьзяе пустка, што можа запоўніцца абы-кім.
Мікола Бугай