«Ніца або сьмерць» — гэты лёзунг стаў папулярны ў Польшчы напярэдадні Брусэльскага саміту Эўразьвязу.

Палякі заявілі, што не пагодзяцца на зьмену сыстэмы галасаваньня ў Эўразьвязе, ухваленую тры гады таму ў Ніцы. Паводле гэтай сыстэмы, Польшча, як і Гішпанія, мела б у Эўрапарлямэнце 27 галасоў, а, прыкладам, Нямеччына — 29. Бэрлін кажа, што гэта несправядліва: у Гішпаніі і Польшчы жывуць разам 80 млн чалавек, і краіны маюць разам 54 галасы, а ў Нямеччыне — 82 млн, а галасоў усяго 29. Нямеччына і Францыя, подпісы якіх стаяць пад Ніцкім трактатам, хочуць таксама, каб рашэньні ў Радзе прымаліся, калі за іх прагаласуюць краіны, дзе жыве больш за 60% насельнікаў Зьвязу. Гэта дазволіла б Бэрліну і Парыжу пры дапамозе Рыму і Лёндану праводзіць любыя карысныя для сябе рашэньні.

З прычыны розьніцы ў поглядах праект новай канстытуцыі ЭЗ, у якім прадугледжаная і новая сыстэма галасаваньня, ня быў ухвалены ў Брусэлі. Эўрапалітыкі сьцьвярджалі, што тут няма нічога страшнага. Аднак на тыдні шэсьць самых заможных краінаў ЭЗ заявілі, што хочуць абмежаваць свае ўнёскі ў агульнаэўрапейскі бюджэт. Гэта ўдар па новых сябрах ЭЗ, перадусім па Польшчы, якая да 2013 г. мелася атрымаць з эўрабюджэту 100 млрд эўра датацый. Назіральнікі кажуць, што гэта помста менавіта за пазыцыю Варшавы.

Але Польшча не зьбіраецца зьмяняць сваю пазыцыю ў справе сыстэмы галасаваньня. «Мы мелі рацыю, калі змагаліся за незалежнасьць, змагаліся з камунізмам. Маем яе і цяпер», — сказаў прэзыдэнт Квасьнеўскі. На прыняцьце новай Канстытуцыі Эўропа яшчэ мае час. Цяперашні Ніцкі трактат будзе дзейнічаць да канца 2008 г., і пашырэньне ў наступным годзе адбудзецца на падставе менавіта гэтага дакумэнту.

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0