Дом, у якім жыла Купалава сям’я, зьбіраюцца разбурыць, каб збудаваць звычайны шматпавярховік.

У гэтай двухпавярховай камяніцы на вул.Румянцава, 7, насупраць амбасады Польскай Рэспублікі, дажывала век Уладзіслава Францаўна. Тут бывалі Янка Брыль, Валянцін Таўлай, Сьцяпан Александровіч. Тут задумляўся і ствараўся музэй Янкі Купалы.

У 2002 г. будынак набыло СП «Група МБЛ-Бел». Прычым сам ён новага ўласніка не цікавіў. «Нам патрэбны пляц», — заяўлялі кіраўнікі фірмы. Быў распрацаваны праект будаўніцтва на тым пляцы новага шматкватэрнага дому з падземнай аўтастаянкай і фітнэс-цэнтрам.

Першымі ў абарону будынку Купалавай сям’і выступілі суседзі — жыхары навакольных дамоў. У сакавіку 2003 г. яны накіравалі калектыўныя звароты на імя тагачаснага галоўнага архітэктара Менску А.Чадовіча. Быў зварот і ад дэпутата Анатоля Красуцкага. А тым часам Дэпартамэнт па ахове гісторыка-культурнай спадчыны даў дабро на знос будынку. «Гэта не музэй — звычайнае жыльлё, — камэнтаваў дырэктар Дэпартамэнту В.Абламскі.

— А горадабудаўнічая сытуацыя дазваляе разьмясьціць аб’ём дому, пляцоўкі».

Саюз пісьменьнікаў, ТБМ, Таварыства аховы помнікаў зьвярталіся ў Мінкульт з просьбай уключыць дом на Румянцава, 7 у Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Мала таго што тут жыла Купалава сям’я — будынак мае і архітэктурную вартасьць. На сёньня такіх захаваліся адзінкі. Збудавалі яго ў 1949-м паводле праекту славутых Уладзімера Караля і Сяргея Сьпяранскага, якім была даручаная распрацоўка дамоў для дзяржаўных службоўцаў, творчай інтэлігенцыі і выдатных дзеячоў беларускай культуры.

Атрымаўшы прапановы надаць дому статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, Дэпартамэнт, згодна з законам, мусіў забясьпечыць ахову помніка. Гэтага зроблена не было. Прапановы не былі нават прыняты да разгляду.

Канчаткова лёс дому Купалавай сям’і вырашаўся ў кабінэце Чадовіча. 15 кастрычніка, падчас адмысловае нарады, Абламскі, Чарняўскі, чыноўнікі Менгарвыканкаму пастанавілі разбурэньне ўхваліць, а на сьцяне новага дому пасьля... павесіць «інфармацыйную дошку, якая адлюстроўвае гісторыю дому і яго жыхароў». Было б добра, каб на гэтым мэмарыяльным знаку зьявіліся яшчэ й прозьвішчы тых, хто спрыяў зьнішчэньню.

Нягледзячы нават на заяву міністра культуры Леаніда Гулякі, які публічна паабяцаў узяць пад асабісты кантроль лёс дамка Ўладзіславы Францаўны, у першыя дні Новага году будынак пачалі бурыць. Разабраны дах. Сьпілаваны стары сад. Толькі пад сьнегам і сьмецьцем у двары ляжыць старая гранітная надмагільная стэла, перанесеная з Вайсковых могілак, — першая памятка па Песьняру. На ёй напісана, што тут спачывае душа Янкі Купалы.

Тамара Габрусь, доктар мастацтвазнаўства, кандыдат архітэктуры

Уладзімер Дзянісаў, намесьнік старшыні Менскае гарадзкое рады Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0