Калі вас называюць крывым — патрабуйце, каб на вас хоць бы зірнулі.

І яны пераканаюцца, што ня маюць рацыі. Калі вам кажуць, што вы бесталковы, няхай дадуць шанец даказаць адваротнае. Калі сьцьвярджаюць, што вы мёртвы, — няхай правераць здароўе, перад тым як засыпаць мерзлым пяском. Але яны ня хочуць глядзець на вас, а тым больш задаваць вам нейкія іспыты ці слухаць вашае дыханьне. У вас няма шанцаў даказаць ім, што вы прыгожы, разумны і дужы. Таму што ў каго ўлада, у таго і «аб’ектыўная праўда» пра вас.

Так выглядае становішча беларускай мовы ў Беларусі на працягу апошніх 200 гадоў. Грубая і нічога ня вартая ў параўнаньні з расейскай ці ангельскай. Исковерканный русский язык. Не прыдатная для вялікіх думак, пачуцьцяў і выкарыстаньня ва ўсіх сфэрах жыцьця... Дэ-юрэ — дзяржаўная, дэ-факта — ізгой. Яны ўжо вырашылі, што яна застаецца на пэрыфэрыі гісторыі. Вырашылі, ня слухаючы яе, не выпрабоўваючы «ва ўсіх сфэрах», ня спраўджваючы на «вялікія думкі і пачуцьці». Яны — усе ўлады на працягу 200 гадоў — ані разу не далі ёй шанцу.

За гэтыя 200 гадоў беларуская мова ніколі ані хвіліны насамрэч не была дзяржаўнай, нават калі такой называлася. Гэта значыць, што органы ўлады ніколі ані хвіліны не далі ёй сьцьвердзіцца ў дзяржаўным жыцьці, але пры гэтым давалі ёй свае забойчыя ацэнкі, падобныя на цьвікі, што забіваюцца ў труну.

Як можна даваць ацэнку таму, чаго ня ведаеш, чаго не паспытаў, ня выпрабаваў?

За часамі РБ беларуская мова не аднойчы была публічна зьняважаная вуснамі першага прэзыдэнта краіны. Ці гэта — аб’ектыўны закон разьвіцьця? Былі падушаныя ўсе беларускія школы, а апошняя, што выжыла, — ліцэй — душыцца сёньня з асаблівай «аб’ектыўнасьцю». За часамі Лукашэнкі мову судзілі, арыштоўвалі, зьбівалі проста на вуліцы надзеленыя «аб’ектыўнасьцю» амапаўцы. Мову выгналі з тэлевізіі, з кіно і са спажывецкага рынку: на ўпакоўках тавараў можна чытаць тэксты па-латыску, літоўску, польску, расейску і ўкраінску (усе суседзі Беларусі), толькі рэдка — па-беларуску.

Беларуская мова, асуджаная ўладамі на сьметнік гісторыі, тым ня менш выкручваецца, вылазіць, вытыркаецца са сваёй адвечнаю просьбай — дайце шанец, і вы зразумееце, што ня горшая, чым расейская, ці француская, ці іншая якая...

Але няма шанцу. Ёсьць таўро: крывая, бесталковая, мёртвая.

Калі пры канцы СССР беларушчына гатовая была стаць мовай дэмакратычных пераменаў, дык за Лукашэнкам яна ператварылася ў пракажоную — атрыбут «азьвярэлых нацыяналістаў». І без таго загнаная ў ізгоі, яна стала яшчэ й страшылкай для чыноўнікаў усіх узроўняў і для бізнэсу, якія баяцца яе як чорт ладану.

«Аб’ектыўная» маргіналізацыя беларушчыны — гэта цалкам суб’ектыўная дзяржаўная палітыка. Пытаньне: навошта? Няўжо быць бястварым з выгляду расейскім правінцыялам лепш, чым паўнавартасным народам з уласнай мовай, гісторыяй і культурай, тым больш што і свая мова, і культура, і гісторыя — ёсьць? Няўжо быць у рэальнасьці крывым, няздатным і хворым, а таму — ізгоем сярод краін-суседак — лепш, чым перастаць уласную нацыянальную годнасьць лічыць такой крывой, няздатнай і хворай? І тады — быць самадастатковым, як тыя латышы, літоўцы, палякі, расейцы ды ўкраінцы?

За часамі Лукашэнкі ўсё нацыянальнае ў Беларусі адчувала на сабе такі прэсынг дзяржавы, што казаць пра аб’ектыўныя законы разьвіцьця нацыі ў гэты пэрыяд наагул не выпадае. Каб сьцьвярджаць, што беларушчына «страціла свой гістарычны шанец», трэба прынамсі на нейкі час перастаць стаяць ёй каленкай на горле, выпусьціць яе зь цёмнага сырога падвалу... Я ўжо не кажу пра падтрымку з боку дзяржавы, як гэта ёсьць ва ўсім сьвеце. Думаю, яна абышлася б і бяз гэтага. Абы ёй хоць раз у гісторыі далі шанец, паслухалі яе дыханьне, а ўжо тое, што прыгожая, прыдатная і жывая, яна дакажа сама.

Сяргей Дубавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0