Пачуў новую тэзу клясыка апазыцыі: маўляў, цяпер мы — Эўропа, а «той» Эўропы, лічы, ужо няма.

Спрачацца ня буду, безь мяне спрачальшчыкі знойдуцца, а цягне тую думку разьвіць на практычным узроўні...

Мае ўражаньні ад візытаў на Захад ды ад візыцёраў з Захаду можна выказаць бяз словаў, адно пахітваньнем галавой і ўздыхамі. Краі-мары спакваля аказваюцца краямі-пудзіламі, і тое, што ўчора камэнтаваў бы «Адназначна!», сёньня адзначыш хіба словамі «Ня ведаю…». Традыцыя Старога Сьвету лопнула пад цяжарам веку і разьляцелася па зямлі.

Вось Турцыя. Едуць да нас прадпрымальнікі і мэнэджэры адтуль, нясуць відавочна эўрапейскую бізнэс-культуру. Ад атрыбутыкі і стылю: кашуля, гальштук, гадзіньнік, брытанская ангельская — да пісьменнасьці й ветлівасьці, парадку ў працы, падыходу да мэтазгоднасьці й рызыкі. Дык мо цяпер Эўропа ў Турцыі?

Вось Кітай, Шанхай. Штогадовыя выставы вытворцаў, якія раней ладзіліся пераважна ў Нямеччыне. Не дзясяткі, а сотні хмарачосаў. Цяжка нават уявіць сабе паперку на ходніку, які ня тое што памыты, а й блішчыць. Шкло і сталь, нэон і кандыцыянаванае паветра. Горад-офіс, дзе ўсё па-ангельску: ад рэклямы і гутаркі на вуліцы да аўсянага сьняданку ў гатэлі. Мо ў Кітаі Эўропа?

Вось Беларусь. Праз сваю ізаляванасьць і беднасьць яна аказалася амаль некранутаю ні вялікімі перасяленьнямі, ні сусьветнай распустай, ні спажывецкай ліхаманкай. Адсталасьць сёньня можа стаць гарантыяй выбару найвыгаднейшага культурнага шляху заўтра, абаронным купалам нашае самабытнасьці і цноты. Ці скарыстаем мы з гэтага? Ці падбяром сабе аскепачак «тае» Эўропы?

Вацлаў Заякоць

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0