Супэрфінал Кантынэнтальнага кубку па хакеі даў працаваць гомельскаму лядоваму палацу.

Чатыры дні напружанай барацьбы скончыліся перамогай падарванага шматлікімі траўмамі братыслаўскага «Словану». Наш чэмпіён, «Гомель», узяў ганаровае другое месца, заваяваўшы сэрцы ня толькі беларускіх фанаў, але і прыхільнікаў гульні ва ўсёй Эўропе. Найбольш уразіла гледачоў перамога нашых хакеістаў над адным з самых моцных клюбаў Заходняй Эўропы — швайцарскім «Люгана».

Посьпех гамельчукоў многія сьпісваюць на «лёгкую» папярэднюю падгрупу і асаблівасьці формулы правядзеньня супэрфіналу, але назваць яго выпадковым не наважыцца ніхто. Паводле паказчыку + / – (розьніца закінутых шайбаў у сваю і чужую брамку падчас знаходжаньня гульца на пляцоўцы) першае месца на турніры мае абаронца «Гомелю» Павал Мікульчык, а яшчэ чатыры гульцы гомельскай каманды (Аляксандар Аляксееў, Яўген Есаулаў, Яўген Крывамаз і Ўладзімер Пераверзеў) займаюць месцы з трэцяга па шостае. А вось па колькасьці штрафных хвілінаў гаспадары турніру знаходзяцца на другіх ролях. Сапраўдным лідэрам «Гомелю» паказаў сябе Віталь Валуй, які закінуў чатыры шайбы.

Большасьці гульцоў «Гомелю» па 25—28 гадоў. Гэта век, у якім хакеісты выходзяць на найвышэйшы ўзровень за кар’еру. Таму пэрспэктывы «Гомелю» ў бліжэйшыя гады 3—4 мусяць быць неблагія. Калі не перакупяць нашых гульцоў. Бо чаго вартыя ўсе лядовыя палацы, калі зноў ня стане моцных камандаў.

Зьміцер Казлоўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0