«Божа, не асудзі яго! Ты ж нарадзіў яго на зямлі нашай».

(Я.Юхнавец, з паэмы «Калюмбы»)

На Каляды ў адным з шпіталяў Нью-Ёрку пакінула гэты сьвет душа арыгінальнага беларускага паэта Янкі Юхнаўца. Стан глыбокай комы, у якой ён перабыў ажно два гады, скончыўся разам зь яго фізычнымі магчымасьцямі. Застаўся дух... Янка Юхнавец — мастак своеасаблівы, творца моўны (і ўмоўны — таксама). Ад зьняменьня перад вечным жыцьцём да пошуку найменьняў яму прамінуў яго чалавечы век. Можа, таму і маўленьне яго было падобнае да маленьня. Амаль дакладна ўгадаў дамоўны стан старэйшага калегі Алесь Разанаў яшчэ ў 1965 г.:

І ціш і гром,

і звон і шорах

спляліся ніткаю радзтва, —

калі з грудзей,

нямых і чорных,

аднойчы мова прарасла.

Гэтак жа «вырастала» і паэзія Янкі Юхнаўца. У 1955 г. выйшаў у сьвет першы зборнік паэта «Шорах моўкнасьці». Усё астатняе сталася працягам яго... «Мінулае ўспомні, калі ня будзе будучага», — прароча напісаў ён калісьці як для нас, цяперашніх.

Яго чалавечы і творчы знак быў і застаецца ў красным айчынным пісьменстве мэтафарай глыбіннай філязофскай моўкнасьці. Ды ён і не пісаў, а ствараў свае паэтычныя анімацыі — выдыхам, мімікай, жэстамі — патаемным шрыфтам прамацярынскай мовы (своеасаблівым мэтадам дамовы зь ёй)...

І вось — выказаўся канчаткова. Да поўнага маўчаньня. Нямеем і мы. Ёсьць толькі «шорах моўкнасьці»... І — яго «Ода рыдлёўцы» на ўласны адыход:

О, мая жалезная сяброўка,

табе танклявая, прыгожанькая Муза

йшчэ не сьпявала віншавальных одаў:

баіцца, каб чароўненькія вочкі

ты не засыпала пяском,

каб пантофляў, з шоўку шытых,

ты не забрудзіла зямлёй.

Затое я табе пяю:

о, ты сваёй жалезнай жменяй

засып памерлых між жывых,

каб жыць магло усё жывое.

Леанід Галубовіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0