Інтэлектуальны часопіс «ARCHE» ў лістападзе адзначыў сваё 5-годзьдзе.

Ні пра якія сьвяточныя імпрэзы не было чуваць. Шараговым у сэнсе вонкавых эфэктаў аказаўся і першы пасьля пяцігодзьдзя сшытак часопісу.

Адкрываецца нумар падборкай артыкулаў і гутарак на тэму «Эўропа на ўсход Эўропы» — пра Беларусь і яе суседзяў.

У адным з наймацнейшых артыкулаў нумару Алег Латышонак крытычна перачытвае бэстсэлер Гантынгтана «Сутыкненьне цывілізацый». Кароткая гутарка з ангельскім дасьледчыкам Эндру Ўілсанам, а таксама вынікі дасьледаваньняў Беларусі шатляндзкімі сацыёлягамі (Стывэн Уайт «Эўрапейскі ці славянскі выбар Беларусі») дазваляюць пабачыць нашу нацыю збоку. Здаецца, мы ў межах нормы.

Не стае прозы, затое друкуецца густоўная падборка паэзіі (вэрлібры Бураўкіна, якія стануць нечаканасьцю для многіх прыхільнікаў паэта, нізка вершаў Сільновай і ўрывак з культавага рокера Ніка Кейва ў перакладзе Аляксея Знаткевіча).

Шмат крытыкі. Даніла Жукоўскі раскладае па палічках здабыткі мінулага літаратурнага году. Піша ён пра новыя творы Іпатавай, Наварыча, Брава, Бабкова і бадай усіх, хто летась гучаў. З ацэнкамі можна не пагаджацца, але аўтарскі стыль такі, што, прынамсі, ягоная зыходная пазыцыя ясная, а таму спасьцігаеш — хоць і мэтадам супастаўленьня сваёй зыходнай пазыцыі з аўтарскай, — што чытаць варта, а чаго ня варта. Як любы заўзяты крытык, Жукоўскі не абыходзіцца без памылак. «Будзьце рэалістамі, патрабуйце немагчымага», — гэта казалі не францускія студэнты палітыкам, а Жан-Поль Сартр — студэнтам.

Гарадзенскі лірык Юры Пацюпа ў «ARCHE» выступае на гэты раз як мовазнаўца. Ён робіць шэраг лягічных і грунтоўных правапісных прапановаў, у тым ліку ў напісаньні прыназоўніка «у» перад словамі, што пачынаюцца з галоснага гуку. Навуковы артыкул — а захапляльна!

Ну, і (нарэшце!) сканчаецца параўнаўчы аналіз палітычных працэсаў у Сэрбіі і Беларусі, які друкаваўся ў часопісе праз увесь год. Тэкст таксама не эфэктны, але глыбокі ў сваіх думках. Чым нас пацешыць палітоляг Сіліцкі налета?

Адсутнасьць «эфэктаў» мне й даспадобы ў часопісе, вокладку якога ў гэты раз аздабляе анёльчык аўтарства Ўладзімера Адамчыка. «ARCHE» вылучаецца сярод глянцавага шыку на нікеляваных паліцах найсучасьнейшых шапікаў «Белсаюздруку» на праспэкце Скарыны ежкім чорным хлебам тэкстаў, які кантрастуе з ласункамі ілюстраваных часопісаў. Як па-мойму, здаровая пажыва для тых, чые мазгі не засохлі.

Сяргей Гезгала

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0