Суд Цэнтральнага раёну Менску адмовіў дэпартаванаму пратэстанцкаму пастару Яраславу Лукасіку, а менскі гарадзкі суд — пастару царквы «Ян Прадвесьнік» Антонію Бокуну.

Судовы разгляд справы паводле позвы пратэстанцкага пастара Яраслава Лукасіка, дэпартаванага зь Беларусі 6 чэрвеня адбыўся ў судзе Цэнтральнага раёну. Пастар Лукасік прасіў прызнаць незаконным рашэньне старшыні Цэнтральнага РУУС сталіцы ад 30 траўня, згодна зь якім ён быў аштрафаваны за правядзеньне несанкцыянаванага набажэнства, а таксама атрымаў загад аб дэпартацыі з Беларусі да 7 чэрвеня і забарону на ўезд у краіну на працягу 5 гадоў. Судзьдзя Тацяна Паўлючук адмовіла у задавальненьні позвы.

Сёньня ж у Менскім гарадзкім судзе разглядалася скарга пастара пратэстанцкай царквы «Ян Прадвесьнік» Антонія Бокуна на рашэньне суду Цэнтральнага раёну ад 4 чэрвеня. Нагадаем, што тады за несанкцыянаванае богаслужэньне судзьдзя Тацяна Паўлючук асудзіла сьвятара на 3 сутак адміністрацыйнага арышту. Судзьдзя Менскага гарадзкога суду Аляксей Рыбакоў палічыў прысуд ад 4 чэрвеня законным і адмовіў сп. Бокуну ў скарзе.

«Буду падаваць скаргу вышэй» — пракамэнтаваў рашэньне судзьдзі Рыбакова Антоні Бокун.

Жонка дэпартаванага сьвятара Натальля Лукасік таксама зьбіраецца падаваць скаргу ў вышэйшую інстанцыю.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0